29 красавіка ў нашым гарадскім пасёлку адбыўся Дзень прызыўніка. Звыш 20 нашых землякоў, маладых жыхароў Шаркаўшчынскага краю прызываюцца гэтай вясной у рады беларускай арміі. Усе яны былі запрошаны на святочнае мерапрыемства, падрыхтаванае работнікамі раённага Цэнтра культуры спецыяльна для будучых Абаронцаў Айчыны. У час урачыстасці было адзначана, што ў жыцці прызыўнікоў настаў адзін з важнейшых этапаў, наступіў час калі трэба змяніць прывычны ўклад і стаць сапраўднымі мужчынамі, надзейнымі, смелымі і мужнымі, якімі зараз ганарацца ўсе родныя і якіх абавязкова будуць чакаць. З пажаданнямі лёгкай і спакойнай службы, моцнага здароўя, аптымізму і ўпэўненасці ў сваіх сілах перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі,першы сакратар раённага камітэта БРСМ Юлія Леанідаўна Протас, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Даната Уладзіміраўна Жынгель. Са словамі благаслаўлення перад пачаткам новага і важнага этапа ў жыцці да маладых людзей звярнуўся пратаіерэй, настаяцель храма “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук, які адзначыў, што ў наш няпросты час, калі не ў лепшы бок мяняюцца многія жыццёвыя арыенціры, у нашай краіне захавалася адна з добрых традыцый – аддаваць доўг роднай краіне, выконваць воінскі абавязак і абараняць радзіму і сваіх родных.
Начальнік абасобленай групы Шаркаўшчынскага раёна ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, капітан Дзмітрый Фёдаравіч Жораў падчас свайго выступлення перад прызыўнікамі адзначыў, што служыць маладыя людзі будуць у воінскіх часцях сіл спецыяльных аперацый, паветрана-дэсантных войскаў, пагранічнага атрада, міністэрства ўнутраных спраў, сухапутных войскаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.