
На малочнатаварнай ферме Пялікі адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі” ўтрымліваецца 498 галоў дойнага статка. Абслугоўваюць кароў 15 аператараў машыннага даення. Як паведаміла нам загадчыца фермы Галіна Кабак, усе даяркі вельмі адказныя і старанныя працаўнікі. Сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў. Здадзенае дзяржаве малако з фермы ідзе толькі класам “экстра”. А як вядома, у першую чаргу, якасць гэтага прадукту жывёлагадоўлі залежыць ад чалавека, ад таго, як ён выконвае паслядоўнасць працэсу даення кароў. За сакавік малочнатаварная ферма стала лепшай у раёне сярод астатніх МТФ. Тут валавы надой малака склаў 215 тон, а яго прырост да аналагічнага перыяду мінулага года — 120 працэнтаў. Сярэдні ўдой на карову склаў 432 кілаграмы.
Лідарам раённага спаборніцтва па надоях сярод маладых (да 31 года) аператараў машыннага даення за сакавік стала даярка Надзея Арлова. У гурце жанчыны 49 кароў. Валавы надой малака склаў амаль 26 тон. У сярэднім на адну карову надоена 628 кілаграмаў. Такі высокі паказчык дазволіў Надзеі стаць лепшай не толькі ў раёне, але нават і на абласным узроўні.
З гэтай нагоды старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Іванавіч Зубовіч наведаў МТФ, дзе працуе жанчына, і на працоўным месцы павіншаваў яе з занятым першым месцам. Леанід Іванавіч уручыў Надзеі Арловай дыплом пераможцы, грашовую прэмію, а таксама пажадаў і надалей упэўнена трымацца на лідзіруючых пазіцыях не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Сяргей РАЙЧОНАК
