Трыццатая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў чарговы раз абвастрае боль людзей, якія перажылі гэту трагедыю. Людзей, якія вымушаны былі пакінуць родныя гарады і вёскі, пераехаць у чужыя мясціны, каб усё пачаць з нуля.
Падзеям найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы было прысвечана тэматычнае комплекснае мерапрыемства ў дзіцячай бібліятэцы “Боль матулі-зямлі”, якое прайшло па ініцыятыве райкама БРСМ сумесна з работнікамі культуры.
Прысутным на мерапрыемстве вучні мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай ДШМ прадставілі ўласныя творчыя работы. У малюнках дзеці адлюстравалі сваё бачанне жудаснага болю, які па волі лёсу перажылі людзі ў той красавіцкі дзень 1986 года.
— Кожная работа па-свойму цікавая і ўспрымальная, — сказаў загадчык мастацкага аддзялення ДШМ Віктар Фёдаравіч Крук. — На малюнках мы бачым разбураную пасля выбуху электрастанцыю, збянтэжаных людзей, пакінутыя дамы, рэчы, жывёл.
Работнікі бібліятэкі, якія былі вядучымі мерапрыемства, расказалі прысутным пра саму катастрофу і яе трагічныя вынікі. Дзеці ўважліва слухалі аповед, каб яшчэ больш даведацца пра гэту трагедыю. А пасля хлопчыкі і дзяўчынкі пачаставаліся за агульным сталом салодкімі прысмакамі і гарачай гарбатай.
Сяргей РАЙЧОНАК