Аповед пра камандзіра партызанскага атрада імя Варашылава Аляксандра Фаміча Ячменева

Актуальное

1917Віктар Яфімавіч Сухараў у пачатку 1960-х гадоў выкладаў рускую мову і літаратуру ў Стральцоўскай і Улінаўскай базавых школах. З 1965 па 1975 гады ён з’яўляўся адказным сакратаром раённай газеты “Кліч Радзімы”. Пасля працаваў на журналісцкай ніве ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. І цяпер наш былы калега не парывае сувязь з Шаркаўшчынай: тэлефануе ў рэдакцыю, шле допісы. У адным са сваіх лістоў Віктар Яфімавіч расказвае пра Аляксандра Фаміча Ячменева, камандзіра партызанскага атрада імя Варашылава, які дыслацыраваўся ў нашай мясцовасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На подступах да Ленінграда

У 1933 годзе Аляксандр Ячменеў працаваў фельчарам медыцынскай службы ў кавалерыйскім палку пагранічнай аховы і войск АГПУ (аддзела галоўнага палітычнага ўпраўлення). Удзельнічаў у барацьбе супраць басмачоў у Каракумах. З лістапада 1939 года па май 1940 года ваяваў з белафінамі. Пасля служыў у лёгкіх танкавых войсках пад Ленінградам. Тут Аляксандр Фаміч і пачуў пра пачатак вайны.

Дывізія, у якой ён ваяваў з ворагам, вяла ўпартыя баі на подступах да горада. Нягледзячы на вялікія страты ў тэхніцы і жывой сіле, чырвонаармейцы не здаваліся. Але ўсё ж савецкія салдаты аказаліся ў акружэнні. Аднойчы надарылася магчымасць вырвацца. Вырашылі на вялікай хуткасці на матацыкле праскочыць нямецкі заслон. Добраахвотнікам вызваўся лейтэнант медыцынскай службы Фёдар Кулітка, ён умела кіраваў матацыклам. Але, на жаль, у яго на гэты раз не атрымалася. Немцы схапілі салдата, адрэзалі нос, вушы, на грудзях і спіне выразалі зоркі і пасадзілі на ўзбочыне дарогі.

У глыбокім тыле

Пасля ранення і кантузіі Аляксандр Ячменеў знаходзіўся ў глыбокім тыле. У 1942 годзе ён хаваўся ў сялян Слабодскага і Іказненскага сельсаветаў цяперашняга Браслаўскага раёна. З жыхароў вёсак Калеснікі, Адамава, Дзянісаўка і іншых арганізаваў партызанскую групу. 15 жніўня таго ж года народныя мсціўцы здзейснілі першую баявую аперацыю. Немцы і паліцаі гналі нарабаваную ў сялян жывёлу ў Міёры. Партызаны даведаліся пра гэта, напалі на іх, забілі траіх паліцаяў і аднаго немца, а 65 кароў вярнулі вяскоўцам. 23 верасня 1942 года яны пакінулі мясцовасць і пайшлі на злучэнне з партызанамі ў казянскія лясы. Тут аб’ядналіся з дыверсійным атрадам П. Шырокага брыгады “Няўлоўныя”. Аляксандр Ячменеў стаў старшым адной з груп. Пад яго кіраўніцтвам удала правялі аперацыю на чыгунцы Вільня—Дзвінск, дзе пусцілі пад адхон састаў з тэхнікай праціўніка. У пачатку лістапада партызаны прынялі першы бой з фашыстамі каля вёскі Журавоўшчына. Сілы аказаліся няроўныя, і нашы байцы вымушаны былі выйсці ажно на Міёршчыну. Раз’юшаныя немцы пачалі распраўляцца з мірным насельніцтвам. Тады спалілі вёскі Кушталі, Трабаўшчына, Куялеўшчына.

Важнае заданне

У канцы 1942 года Ячменеў атрымаў важнае заданне: вярнуцца ў заходнія раёны Віцебшчыны, каб там весці далейшую барацьбу з ворагам. Партызаны на шляху ўзарвалі участак чыгункі Полацк—Круляўшчызна. У казянскія лясы атрад трапіў у канцы лютага 1943 года. Тады ён налічваў 70 чалавек. Жадаючых змагацца з ворагам было шмат, але не ўсім хапала зброі. 11 сакавіка 1943 года партызаны знішчылі эшалон з тэхнікай на перагоне Краслава—Дзвінск. Немцы і латышскія паліцаі іх праследвалі, але мсціўцам удалося выратавацца і вярнуцца на месца дыслакацыі без страт. К гэтаму часу атрад Аляксандра Ячменева налічваў ужо больш 200 чалавек. У жніўні партызаны знішчылі варожыя гарнізоны ў Іёдах, Новым Пагосце, Пераброддзі, Богіне, гарнізон літоўскіх нацыяналістаў на чыгуначнай станцыі “Полава”. Да канца верасня ўвесь казянскі лес і прылягаючыя да яго вёскі былі занятыя партызанамі. Акупанты ўжо не маглі свабодна рухацца па дарогах Шаркаўшчынскага, Міёрскага, Браслаўскага, Відзаўскага і Пастаўскага раёнаў. Зразумела, мірыцца з гэтым фашысты не маглі. Таму адначасова з Браслава і Глыбокага ў наступленне на партызан выйшлі карнікі. 29 кастрычніка лес быў поўнасцю блакіраваны. Але і на гэты раз ворагу не пашчасціла захапіць іх у палон. З-за такой няўдачы фашысты спалілі вёскі Буда Бліжняя, Буда Дальняя, Свілы, Бліноўшчына, Журавоўшчына, Грыблы. Загінула шмат жыхароў, і партызаны сталі бязлітасна помсціць ворагу.

У маі—чэрвені 1944 года атрад Ячменева сумесна з брыгадай імя Ракасоўскага ўдзельнічаў у рэйкавай аперацыі. 1 чэрвеня партызаны вялі бой з праціўнікам на чыгунцы Вільня—Дзвінск. У гэтым жа месяцы народныя мсціўцы злучыліся з часцямі рэгулярнай арміі і прадоўжылі барацьбу з ворагам у складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Пасляслоўе

Пасля вайны Аляксандр Ячменеў працаваў фельчарам “хуткай дапамогі” ў нашай раённай бальніцы. Сотні разоў прыходзіў ён на дапамогу людзям. Шаркаўчане ўдзячныя яму, чалавеку ў белым халаце, за выратаваныя жыцці. І не кожны тады ведаў, што ў час выкліку ўрача на дом у пакой заходзіў не проста фельчар, а былы партызан, камандзір атрада, які змагаўся за Радзіму.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *