Творчыя, абаяльныя, энергічныя, экстравагантныя. Вось такія жанчыны жывуць і працуюць ў Наваселлі

Актуальное

удзельніцы конкурсу: (злева направа) Людміла Сухоўская, Ганна Астаповіч, Аксана Міронава, Святлана Лонская

У кастрычніку ў Навасельскім СДК адбылася конкурсная шоу-праграма «Мама-2011», удзел у якой прынялі нашы маладыя жанчыны. Як заўсёды ў такіх выпадках, конкурс распачаўся са знаёмства гледачоў з канкурсанткамі — з візіткі. Удзельніца пад нумарам адзін — Людміла Сухоўская, выкладчык-харэограф. У вольны час яна любіць займацца кветкамі, вышыўкай, марыць разам з мужам Леанідам і маленькім сынам Даніілам аб’ехаць у вандроўцы ўвесь свет. Ганна Астаповіч замужам за Яўгенам і выхоўвае сына, якому пакуль яшчэ толькі год і 3 месяцы. Яе мара — набыць уласны дом. Трэцяе ўдзельніца — Аксана Міронава — вядомая не толькі ў Наваселлі, дзе працуе культработнікам, але і ў раёне. Яна надзвычай творчы і актыўны чалавек: танцуе, гуляе ў валейбол, шые, вяжа, малюе. А яе самая запаветная мара — убачыць Парыж. Святлана Лонская працуе бухгалтарам, любіць гатаваць і займацца выхаваннем свайго пяцігадовага сына Арцёма. Самае галоўнае жаданне, каб яе родныя былі здаровыя і шчаслівыя.
Пасля знаёмства пачаліся непасрэдна выпрабаванні. Спачатку канкурсанткам трэба было павязаць гальштук сваім любімым мужчынам, а потым патлумачыць, чаму яны абралі менавіта такі вузельчык. Пасля гэтага трэба было так засервараваць стол, каб муж, прыйшоўшы з работы, змог убачыць, як шануе яго жонка. З усім гэтым жанчыны справіліся выдатна. А вось у наступным конкурсе «Безвыходных сітуацый не бывае» ім ужо трэба было праявіць жыццёвую мудрасць і прапанаваць сваё рашэнне прапанаваных журы задачак, з якімі можа сустрэцца сям’я. Удзельніцы даказалі, што яны дбайныя і мудрыя гаспадыні, цяпер заставалася паказаць свае творчыя здольнасці. Што жанчыны з поспехам зрабілі ў конкурсе «Хвіліна славы»: Аксана Міронава і Людміла Сухоўская станцавалі, Святлана Лонская і Ганна Астаповіч выканалі песні.
Пасля ўсіх выпрабаванняў журы ў складзе Андрэя Яцыны, Зоі Радзюк, Аляксандры Катовіч падвяло вынікі. Кожная канкурсантка была па-свойму ачаравальная, у чымсьці недасягальная і, канешне, кожная з іх — самая лепшая для сваіх дзяцей, для мужа. Таму журы не стала выдзяляць кагосьці, а размеркавала намінацыі наступным чынам: самая Творчая маці — Аксана Міронава, самая Экстравагантная маці — Людміла Сухоўская, самая Энергічная маці — Святлана Лонская, самая Абаяльная маці — Ганна Астаповіч.
Удзельніцы не засталіся без падарункаў і кветак, якія былі набытыя за кошт прафсаюзнага камітэта ААТ «Агратэхсэрвіс». Ну а зрабіць конкурс больш яркім і цікавым дапамагалі сваімі выступленнямі нашы самадзейныя артысты: Людміла Касцюкевіч, Таццяна Марозава, Юля Лучкоўская, Надзея Ерахновіч, Сяргей Рагачэўскі, Вольга Яськова, Марыя Катовіч. Вядучай мерапрыемства выступіла бібліятэкар Навасельскай бібліятэкі Марына Фёдарава.
Людміла РАГАЧЭЎСКАЯ,
спецыяліст па справах моладзі ААТ «Агратэхсэрвіс»;
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *