Тэма тыдня ад БЕЛТА: Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Італію і Ватыкан

Тэма тыдня БелТА

35Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20-21 мая знаходзіўся з візітам у Італіі і Ватыкане. Па праграме візіту адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. На сустрэчы разгледжаны ўвесь спектр беларуска-італьянскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, развіццё кааперацыйных сувязей. У час візіту ў Дзяржаву Ватыкан адбылася сустрэча з Папам Рымскім Францыскам. На ёй абмяркоўвалася далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.

Лукашэнка прапануе італьянскаму бізнесу больш актыўна інвесціраваць у Беларусь

20 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Італію. Ля трапа самалёта Прэзідэнта Беларусі сустракалі паўнамоцны міністр службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві, асабісты прадстаўнік Папы Рымскага, аргенцінскі дырэктар пратакола Гільерма Кархер і прадстаўнік Дзяржаўнага сакратара Ватыкана Файман Дэнэлі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прапануе італьянскаму бізнесу больш актыўна інвесціраваць у Беларусь. Аб гэтым ён заявіў у Рыме ў час кароткай размовы ў аэрапорце з паўнамоцным міністрам службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві.

Прэзідэнт пацікавіўся тым, як Італія пераадольвае наступствы сусветнага эканамічнага крызісу. «Павінен сказаць, што Італія таксама пачынае выхадзіць з крызісу. Вельмі спадзяёмся, што гэта пазітыўна паўплывае таксама і на нашы эканамічныя адносіны», — сказаў прадстаўнік італьянскага МЗС.

«Мы вас запрашаем у Беларусь. Мы можам рэанімаваць нашы дамоўленасці аб стварэнні прамысловай зоны ў Брэсце, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі я бываю ў іншых дзяржавах, заўсёды прапаную пачынаць з малога. Два-тры праекты пад маю адказнасць. Я буду кантраляваць іх развіццё. Калі вам гэта спадабаецца, прапануйце больш».

«Я заўсёды зыходжу з таго, што калі бізнес лічыць патрэбным развіваць канкрэтны праект, ён бярэ на сябе адказнасць, ён ведае, куды прадасць сваю прадукцыю. А нам ужо выгада ў тым, што яны прыйдуць да нас, створаць рабочыя месцы, будуць плаціць падаткі», — дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Крысціяна Катафаві адзначыў наяўнасць мэтанакіраванага погляду ў пытанні развіцця двухбаковых адносін. «А значыць, трэба пачынаць з гэтых двух-трох праектаў і з тых галін, якія ўяўляюць узаемны інтарэс», — сказаў ён.

Прадстаўнік МЗС Італіі дадаў, што на пасяджэнні міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі, якое прайшло ў лютым у Мінску, бакі ўжо выказалі ўзаемны інтарэс аб стварэнні ў Брэсце так званага бізнес-інкубатара, які будзе аказваць садзейнічанне кампаніям з Італіі ў рэалізацыі стартап-праектаў.

У аэрапорце таксама адбылася кароткая размова Прэзідэнта Беларусі з асабістым прадстаўніком Папы Рымскага, аргенцінскім дырэктарам пратакола Гільерма Кархерам.

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод краін па-за СНД. Наменклатура беларускага экспарту ў гэту краіну ў 2015 годзе налічвала амаль дзве сотні пазіцый. Найбольш запатрабаванымі на італьянскім рынку былі калійныя ўгнаенні, трубы, вырабы з чорных металаў, дубленая скура.

Асноўны аб’ём імпарту з Італіі ў 2015 годзе, як і раней, прыпаў на высокатэхналагічныя станкі і абсталяванне, а таксама хімічныя рэчывы і матэрыялы, што не вырабляюцца ў Беларусі, лякарствы і медыцынскую тэхніку.

Нягледзячы на значнае зніжэнне аб’ёму беларуска-італьянскага тавараабароту, у тым ліку пад уплывам знешніх эканамічных фактараў, па выніках мінулага года ён склаў $766,7 млн. У асобныя гады гэты паказчык перавышаў $2 млрд. Абарот паслугамі з Італіяй у 2015 годзе склаў амаль $60 млн.

Сукупныя італьянскія інвестыцыі ў беларускую эканоміку ў мінулым годзе склалі $28,8 млн, з якіх практычна ўсе — прамыя. Паводле даных на пачатак 2016 года, у Беларусі дзейнічаюць 204 юрыдычныя асобы, створаныя з удзелам суб’ектаў Італьянскай Рэспублікі.

У Мінску 23 лютага бягучага года праведзены першае пасяджэнне міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і беларуска-італьянскі бізнес-форум.

Традыцыйна актыўна развіваецца і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. На працягу шэрага гадоў Італія з’яўляецца асноўным партнёрам Беларусі па арганізацыі аздараўлення беларускіх дзяцей. Так, за 1991-2015 гады аздараўленне ў гэтай краіне прайшлі 463,5 тыс. непаўналетніх грамадзян Беларусі.

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам таксама актыўна развіваецца. Раней, у 2009 годзе, Аляксандр Лукашэнка ўжо наведваў Ватыкан і сустракаўся з Бенедзіктам XVI, папярэднікам Папы Рымскага Францыска. Беларусь з візітам таксама не раз наведвалі высокапастаўленыя прадстаўнікі Ватыкана. У сакавіку мінулага года Беларусь наведваў Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін.

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі аб’ядноўвае 4 епархіі, у складзе якіх 493 абшчыны. Дзейнічаюць 5 духоўных навучальных устаноў, 11 місій і 9 кляштараў. Абшчыны маюць 491 касцёл, а яшчэ 37 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва.

Беларусь і Італія дамовіліся актывізаваць узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла праходзілі ў Квірынальскім палацы ў Рыме.

Сустрэча пачалася з афіцыйнай цырымоніі прыбыцця з удзелам ганаровай варты. Пасля сумеснага фатаграфавання і прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый кіраўнікі дзвюх дзяржаў пачалі непасрэдна двухбаковыя перагаворы, якія прайшлі ў рабочым кабінеце Прэзідэнта Італіі. Як прызнаўся сам Серджа Матарэла, гэта памяшканне не выкарыстоўваецца ў яго паўсядзённай дзейнасці, а прызначана менавіта для асаблівых выпадкаў.

Беларусь і Італія дамовіліся актывізаваць узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Перагаворы праходзілі ў вельмі адкрытай і дружалюбнай атмасферы. Былі падрабязна і дэталёва абмеркаваны пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін, палітычных кантактаў, міжнародная сітуацыя. Беларускі бок выказаў удзячнасць Італіі за прагматычную, узважаную пазіцыю ў адносінах да Беларусі нават у перыяд напружаных адносін з Еўрасаюзам.

«Беларусь заўсёды будзе донарам стабільнасці і прыстойнасці ў адносінах як да Італіі, так і да Еўрасаюза ў цэлым», — падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівы акцэнт у час сустрэчы быў зроблены на перспектывах актывізацыі бізнес-кантактаў. Аляксандр Лукашэнка ўнёс прапанову аб стварэнні беларуска-італьянскага дзелавога савета, які дапамог бы зняць многія пытанні ва ўзаемадзеянні бізнес-структур. Серджа Матарэла падтрымаў гэту ідэю, адзначыўшы, што гэта быў бы выдатны інструмент для садзейнічання супрацоўніцтву ў гэтай сферы.

У развіцці шматбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва зацікаўлены як Беларусь, так і Італія.

Улічваючы вялікі інтарэс італьянскага бізнесу да Беларусі, Аляксандр Лукашэнка запэўніў у гатоўнасці дзейнічаць у гэтым напрамку. Асаблівую цікавасць для Беларусі ўяўляе вопыт Італіі ў стварэнні малых і сярэдніх прадпрыемстваў у самых розных сферах, у тым ліку IT, АПК, вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і іншых. На аснове гэтых прадпрыемстваў у тым ліку неабходна ствараць трывалы фундамент для міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Асобным пунктам у парадку дня абмяркоўвалася павелічэнне аб’ёмаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння на тэрыторыі Беларусі не толькі сумесных, але і ўласных італьянскіх прадпрыемстваў. «Мы гатовы прадаставіць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Бакі таксама згадзіліся з неабходнасцю вярнуцца да прапрацоўкі праекта па стварэнні ў Брэсце італьянскага прамысловага парка.

У паспяховай рэалізацыі гэтага і іншых праектаў ёсць несумненны інтарэс і італьянскага боку, улічваючы членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, што азначае адкрыты доступ да шматмільённага рынку.

Прэзідэнты згадзіліся, што для больш эфектыўнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў неабходна ўдасканальваць нарматыўна-прававую базу, рабіць яе больш паўнацэннай.

Асобным блокам кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі ўзаемадзеянне ў сацыяльнай сферы. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Серджа Матарэла за дапамогу італьянскага боку ў аздараўленні беларускіх дзяцей. Італія ў сваю чаргу ўдзячна Беларусі за канструктыўнае ўзаемадзеянне ў сферы ўсынаўлення дзяцей.

Прэзідэнты не абмінулі і актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, у тым ліку сітуацыю ва Украіне. «Мінск — гэта зямля, якая абяцае надзею на вырашэнне гэтага канфлікту», — сказаў Прэзідэнт Італіі.

Па выніках сустрэчы кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб прадаўжэнні кантактаў. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Серджа Матарэла наведаць Беларусь у любы зручны час. У сваю чаргу Прэзідэнт Італіі падзякаваў за запрашэнне і выказаў задавальненне тым, што Беларусі і Італіі ўдалося захаваць канструктыўныя адносіны супрацоўніцтва.

Сустрэча Лукашэнкі з Папам Рымскім Францыскам прайшла ў Ватыкане

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім Францыскам прайшла ў Апостальскім палацы ў Ватыкане.

Аўтамабіль кіраўніка беларускай дзяржавы прыбыў у двор Святога Дамаза, дзе выстраілася ганаровая варта швейцарскіх гвардзейцаў. Тут Прэзідэнта сустрэў прэфект Святога Прастола. У суправаджэнні членаў афіцыйнай дэлегацыі і ганаровых сустракаючых Святога Прастола яны прайшлі праз залы Апостальскага палаца да Папскай бібліятэкі.

Пантыфік Францыск вітаў Аляксандра Лукашэнку перад уваходам у бібліятэку ў зале Святых Пятра і Паўла. Пасля кароткага абмену прывітаннямі Прэзідэнт Беларусі і Папа Рымскі прайшлі ў бібліятэку, дзе пачалася іх сустрэча ў фармаце «сам-насам».

Лукашэнка і Папа Рымскі Францыск абмеркавалі развіццё адносін Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і пантыфіка Францыска прадаўжалася амаль 40 мінут, з іх 25 мінут Прэзідэнт і Папа Рымскі размаўлялі ў фармаце «сам-насам». Сустрэча праходзіла ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы. Ужо ў прысутнасці членаў афіцыйнай дэлегацыі бакі абмяняліся падарункамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падарыў пантыфіку копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую з дапамогай унікальнай тэхнікі разьбы па дрэве, мадэль карэты, зробленую па той жа тэхналогіі, а таксама галаграфічны абраз. Як адзначыў Прэзідэнт, гэты абраз злучае ў сабе гісторыю і сучаснасць.

Папа Рымскі Францыск, у сваю чаргу, падарыў Прэзідэнту тры напісаныя ім дакументы аб Евангеллі, ахове прыроды і сям’і. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў азнаёміцца з іх зместам і перадаць іх на захоўванне ў Прэзідэнцкую бібліятэку. Яшчэ адзін падарунак пантыфіка — мастацкая выява аліўкавага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам міру.

У гэтым плане Папа Рымскі асабліва падкрэсліў тую мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь. «Мінск можа быць месцам міру», — сказаў ён.

На заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт Беларусі і пантыфік цёпла развіталіся. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Папе Рымскаму Францыску наведаць выставу беларускіх абразоў, якая нядаўна адкрылася ў музеі Ватыкана. Ён таксама запрасіў пантыфіка зрабіць візіт у Беларусь. «Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету», — сказаў Прэзідэнт.

Пасля аўдыенцыі ў Папы Рымскага адбылася таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Ватыкана П’етра Паралінам.

Цяперашняя сітуацыя на ўсходзе Украіны мае патрэбу ў новых ініцыятывах, пажадана духоўных — Лукашэнка

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю журналістам пасля праведзенай у Ватыкане сустрэчы з Папам Рымскім Францыскам.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, на сустрэчы пантыфік цікавіўся сітуацыяй у рэгіёне, асабліва ў сувязі з канфліктам ва Украіне. «Я выказаў сваю пазіцыю, што цяперашні стан, сітуацыя на ўсходзе Украіны, мае патрэбу ў новых ініцыятывах, і пажадана духоўных», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што міратворчаму працэсу ў тым ліку садзейнічала б сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Рускай праваслаўнай царквы. «У гэтым выпадку я запрасіў іх у Беларусь. Запрасілі б свяшчэннаслужыцеляў і еўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расійскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся б у імя міру», — сказаў беларускі лідар.

«Думаю, што добрая была б ініцыятыва ў развіццё мінскіх дамоўленасцей», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб пантыфіку Францыску: мы блізкія з ім ідэалагічна

Прэзідэнт Беларусі заяўляе аб падабенстве яго поглядаў і жыццёвых прынцыпаў з тымі, якіх прытрымліваецца Папа Рымскі Францыск. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у інтэрв’ю журналістам пасля сустрэчы з пантыфікам у Ватыкане.

«Гэта была ў тым ліку асабістая сустрэча. Яна прайшла вельмі добра. Лепш не бывае. Мы блізкія з ім ідэалагічна, у нас аднолькавыя прынцыпы і погляды на ўладкаванне свету, развіццё. Тыя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся як Прэзідэнт, цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца Папа Францыск. І на падставе гэтага ў нас адбылася вельмі душэўная і цёплая размова», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пантыфік абсалютна згодны з тым, што яму час прыехаць у Беларусь. «Ён вельмі добра праінфармаваны аб сітуацыі ў нашай краіне, добра ведае аб міжканфесійнай згодзе, якая пануе ў нас, аб сітуацыі ў сацыяльнай сферы, эканоміцы», — расказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: Папе Рымскаму пара прыехаць у Беларусь і сустрэцца з Патрыярхам на беларускай зямлі

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля праведзенай у Ватыкане сустрэчы з пантыфікам Францыскам.

«Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія хацелі б бачыць гэта рукапацісканне не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і пантыфік гэта таксама падкрэсліў), якія адбыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасля распаду СССР», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Усё ў руках Госпада. Калі ён благаславіць, то нашы вышэйшыя іерархіі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і іўдзеяў, і іншых канфесій», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, многія свяшчэннаслужыцелі ў якасці самай святой нагоды для такой сустрэчы прапануюць аддаць даніну памяці загінулым у Першай і Другой сусветных войнах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта мерапрыемства, напрыклад, можна было б прымеркаваць да ўзвядзення храмаў або капліц розных канфесій або закладкі каменя ў іх будаўніцтва. У якасці месца Аляксандр Лукашэнка прапанаваў раён мемарыяльнага комплексу «Трасцянец», дзе ў гады вайны былі спалены многія тысячы мірных жыхароў самых розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

Лукашэнка растлумачыў матывы свайго візіту ў Італію і Ватыкан

«Італія заўсёды нас падтрымлівала ў самыя складаныя часы. Італія і Ватыкан (я ім падзякаваў за гэта) вельмі шмат зрабілі для таго, каб мы аднавілі нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. Мы гэтаму ўдзялілі пэўны час, асабліва з Прэзідэнтам Італіі. І гэта прычына майго візіту на гэту свяшчэнную зямлю. Я проста павінен быў падзякаваць гэтым людзям за разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі, і за нармалізацыю гэтых адносін», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца перспектыў развіцця беларуска-італьянскага супрацоўніцтва, Прэзідэнт назваў іх вельмі добрымі.

Аб гэтым сведчаць і пазітыўныя водзывы з боку кіраўніцтва Італіі. Сёння ўжо ёсць прапановы і ўзаемнае жаданне вярнуцца да тых праектаў, аб якіх бакі некалі дамаўляліся. Сярод іх — стварэнне ў раёне Брэста італьянскага прамысловага парка.

Як адзначыў Прэзідэнт, Беларусі таксама цікавы вопыт Італіі ў развіцці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія адыгрываюць дамінуючую ролю ў італьянскай эканоміцы. «Размова была працяглая (з прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. — Заўвага БЕЛТА), і я ўпэўнены, што яна скончылася на пазітыўнай ноце з пункту гледжання перспектыў. Упэўнены, што беларускі народ у бліжэйшы час убачыць і адчуе гэтыя перспектывы», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка разлічвае на развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Ватыкана ў музейнай сферы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала П’етра Параліна наведаў выставу беларускіх ікон XVII-XXI, экспазіцыя якіх разгарнулася ў музеі Ватыкана.

Дзяржаўны сакратар далучыўся да кіраўніка беларускай дзяржавы непасрэдна ў час агляду выставы. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта толькі першы значны крок у развіцці музейнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам і за гэтай выставай пойдуць многія іншыя цікавыя і маштабныя праекты.

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар музею сучасны беларускі абраз, а асабіста кардыналу П’етра Параліну ўручыў набор марак на рэлігійную тэматыку.

Выстава «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» адкрылася ў музеі Ватыкана за некалькі дзён да візіту. Экспазіцыя прымеркавана да пазачарговага юбілейнага (святога) Года міласэрнасці, які аб’яўлены Папам Рымскім Францыскам. Выстава ўключае 31 ікону беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аправы. Беларускія іконы ўпершыню экспануюцца на выставе ў музеі Ватыкана, у непасрэднай блізкасці ад знакамітай Сіксцінскай капэлы з творамі Мікеланджэла. Дзякуючы гэтаму спецыялісты і шматлікія турысты з усяго свету змогуць азнаёміцца з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *