У Каўшэлеўскім Доме фальклору прайшла творчая сустрэча са «світанкаўцамі»

Актуальное

935У раённай газеце ад 14 мая выйшла чарговая літаратурная старонка “Світанак”, дзе ўпершыню быў апублікаваны верш Надзеі Вайцюль. Імя гэтага чалавека добра вядома ў коле работнікаў культуры. Надзея шмат год працуе дырэктарам Каўшэлеўскага Дома фальклору, з’яўляецца стваральнікам і нязменным кіраўніком народнага калектыву “Купалінка”, які дзейнічае на базе ўстановы культуры. Жыхары Каўшэлева і навакольных вёсак заўсёды з вялікай ахвотай збіраюцца ў Доме фальклору, калі калектыў творчых работнікаў установы ладзіць цікавыя і запамінальныя мерапрыемствы.

Адно з іх адбылося 22 мая. У госці да вяскоўцаў у той дзень прыехалі кіраўнік і сябры народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Ініцыятарам правядзення творчай вечарыны выступіла Надзея Вайцюль. На запрашэнне адгукнуліся Кацярына Сосна, Надзея Паляк, Міледзій Кукуць, Людміла Ардынская, Віктар Лагун, Ірына Тарбецкая, Ала Міхайлава, Святлана Клімза і Уладзімір Мілянцей.

За кубачкам гарбаты шаркаўшчынскія паэты і празаікі расказвалі пра свой шлях у творчасць. Цікава было паслухаць успаміны Кацярыны Сосна пра тое, як многа год назад узнікла ідэя стварэння “Світанка”. Кожны з прысутных гасцей у цёплай сяброўскай атмасферы меў магчымасць не толькі расказаць пра сябе, але і пачытаць уласныя творы. Надзея Вайцюль, а менавіта яна была вядучай мерапрыемства, прадстаўляла гледачам кожнага “світанкаўца”. Сцэнарый творчай вечарыны быў пабудаваны так, што пасля кожнага выступлення ўдзельнікаў аб’яднання выконваліся музычныя нумары. Дарэчы, большасць песень — на словы шаркаўшчынскіх паэтаў. З замілаваннем і хваляваннем у сэрцы слухалі, як спявалі лірычныя творы Ала Міхайлава і Святлана Клімза, Іван Гарбачонак. Гледачы радасна пляскалі ў далоні, калі на сцэне выступалі салісты гурта “Купалінка”  пад акампанемент баяна, на якім іграў Леанід Адамёнак.

Каўшэлеўскі Дом фальклору цесна супрацоўнічае са сваімі калегамі з Міёршчыны, а менавіта з работнікамі клубнай установы з Новага Пагоста. На творчую вечарыну да шаркаўшчынскіх сяброў завітала ўдзельніца мастацкай самадзейнасці з суседняга раёна Наталля Рудзь. Жанчына выканала некалькі песень сольна, а таксама ў дуэце з Уладзіславам Сіманісам.

Як высветлілася, “світанкаўцы” нават маюць свой уласны гімн. Словы да яго напісала ўдзельніца аб’яднання Таццяна Еўдакова з Германавіч, а музыку Вера Шуман з Шаркаўшчыны. Выканалі гімн Ала Міхайлава і Святлана Клімза. Не засталася ў баку і Надзея Вайцюль. Жанчына напісала і прачытала сваім сябрам верш-прысвячэнне. Сябрам, таму што кіраўніком народнага аб’яднання “Світанак” Кацярынай Сосна і астатнімі яго ўдзельнікамі вырашана далучыць у рады свайго калектыву Надзею Вайцюль.

На вечарыне сярод запрошаных гасцей прысутнічала намеснік дырэктара ААТ “Жвіранка” Анна Бездзель. Яна выказала словы вялікай удзячнасці “світанкаўцам” за іх нястомную работу на паэтычнай ніве, за магчымасць сустрэцца ў шырокім коле сяброў і пагутарыць пра надзённае. У сваю чаргу шаркаўчане падзякавалі за цёплы, гасцінны прыём і паабяцалі ў хуткім часе зноў завітаць у Каўшэлева на чарговую сустрэчу з аматарамі паэтычнага слова.

Сяргей РАЙЧОНАК

IMG_0733 IMG_0740 IMG_0768 IMG_0775 IMG_0786 IMG_0799 IMG_0817 IMG_0822 IMG_0829 IMG_0840 IMG_0863 IMG_0864 IMG_0879 IMG_0882 IMG_0899 IMG_0908 IMG_0927 IMG_0934 IMG_0939



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *