На базе СШ № 1 прайшла канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся пытанні дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных сем’ях

Молодежь

97926 мая на базе сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка прайшла чарговая канферэнцыя, на якой разглядаліся пытанні рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. На пасяджэнне былі запрошаны сацыяльныя педагогі школ раёна, а таксама загадчыкі дзіцячых садоў. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Фёдарава, памочнік пракурора раёна А. П. Свяцкі, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС І. І. Пачкоўскі, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Г. Пастушкова, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама М. С. Баговіч, урач-нарколаг раённай бальніцы К. В. Галай. Вяла канферэнцыю метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Грыдзюшка.

Тэмы абароны дзяцей і прафілактычнай работы ў гэтым накірунку надзвычай актуальныя, тым больш, што пачаліся летнія канікулы, а значыць, у дзяцей і падлеткаў з’явілася шмат вольнага часу, які кожны з іх можа скарыстаць па сваім жаданні. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Фёдарава акцэнтавала ўвагу прысутных на абавязковым прыцягненні дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, у школьныя аздараўленчыя лагеры, гурткі па інтарэсах, клубныя фарміраванні ўстаноў культуры раёна і іншыя заняткі. Гэта неабходна, каб мець пастаянны кантроль і валодаць поўнай інфармацыяй пра іх месцазнаходжанне ў летні перыяд. Тое ж самае адносіцца і да сямей, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей і аднесены да катэгорыі сацыяльна небяспечнага становішча.

Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама М. С. Баговіч праінфармавала педагогаў, якім чынам, згодна з заканадаўствам, можна прыцягнуць да працы па другаснай занятасці школьнікаў. Маргарыта Станіславаўна таксама расказала пра магчымасць падрыхтоўкі выпускнікоў, якія па розных прычынах не змаглі паступіць у навучальныя ўстановы, на прафесійных курсах і набыцця спецыяльнасці парыкмахера, механізатара, газаэлектразваршчыка і г. д.

Старшы ўчатковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС І. І. Пачкоўскі ў сваім выступленні закрануў некаторыя лічбы, якія характарызуюць стан злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх у вобласці і раёне за першы квартал бягучага года. Як сведчыць статыстыка, крымінагенны стан злачыннасці ў вобласці ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічыўся на 25 працэнтаў. У нашым жа раёне за тры месяцы 2016 года непаўналетнімі грамадзянамі не ўчынена ніводнага злачынства. Іван Іосіфавіч, звяртаючыся да педагогаў, выказаў просьбу больш аператыўнага і своечасовага інфармавання супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх пра выпадкі злоўжывання спіртнымі напоямі, бытавыя сваркі і іншыя канфлікты, якія маюць месца ў нядобранадзейных сем’ях. Бо, як вядома, небяспечную сітуацыю лепш папярэдзіць, чым потым мець сумныя факты парушэння заканадаўства. Іван Іосіфавіч Пачкоўскі і памочнік пракурора раёна Аляксандр Паўлавіч Свяцкі таксама паведамілі, што з 1 мая па 1 кастрычніка бягучага года па краіне праходзіць міжведамасная спецыяльная праграма “Клопат”, дзе асаблівая ўвага надаецца забеспячэнню бяспекі дзяцей у перыяд летніх канікулаў.

Пра прафілактыку ўжывання спіртных напояў, псіхатропных і наркатычных сродкаў сярод моладзі расказала ўрач-нарколаг раённай бальніцы К. В. Галай. Карына Васільеўна паведаміла, што ў апошнія гады колькасць дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ЦРБ з дадзенай катэгорыяй, змяншаецца.

Напрыканцы канферэнцыі М. П. Фёдарава яшчэ раз падрабязна расказала пра механізм работы з падлеткамі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, агучыла рэкамендацыі і правілы па выяўленні сем’яў з сацыяльна небяспечным становішчам.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *