У мэтах аптымізацыі ўстаноў культуры раёна не так даўно быў закрыты Гарадзецкі філіял Германавіцкага музея культуры і быту. Экспанаты, а іх больш за 400 адзінак, перададзены на захоўванне ў Германавічы. Асноўная частка музейных прадметаў цяпер знаходзіцца ў прыстасаваным музейным фандасховішчы, а некаторыя прадметы жывапісу размясціліся ў адным з пакояў на другім паверсе.
— Уласнымі сіламі з дапамогай загадчыка мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай ДШМ Віктара Крука мы аформілі новую экспазіцыю з твораў жывапісу, — кажа нам дырэктар музея Людміла Навіцкая. — Унікальныя палотны цяпер можа ўбачыць любы жадаючы. Сярод аўтараў твораў вядомыя мастакі нашай краіны — Пётр Сергіевіч, Алесь Марачкін і, канечне ж, Язэп Драздовіч. Карціны самабытнага мастака, як і творы іншых аўтараў, доўгі час знаходзіліся ў памяшканні Гарадзецкага музея, якое не адпавядала патрабаванням захаванасці. Але, на шчасце, ніводны твор не патрабуе глыбокай рэстаўрацыі. Таму намі вырашана было частку палотнаў выставіць на пастаянную экспазіцыю. Дзясяткі твораў жывапісу, якія да гэтага часу мала хто бачыў у былым Гарадзецкім філіяле нашай установы, цяпер занялі сваё пачэснае месца ў выставачнай зале Германавіцкага музея культуры і быту.
Сяргей РАЙЧОНАК