Сёння на базе ААТ “Агратэхсэрвіс” прайшоў выязны семінар райсельгасхарчу па пытаннях правядзення корманарыхтоўкі

Сельское хозяйство

IMG_1375Сёння, 2 чэрвеня, на базе ААТ “Агратэхсэрвіс” прайшоў выязны семінар райсельгасхарчу па пытаннях правядзення корманарыхтоўкі ў сельгаспрадпрыемствах. На яго былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя аграномы і галоўныя заатэхнікі гаспадарак раёна.

Спачатку ўдзельнікі семінара азнаёміліся з ходам работ па нарыхтоўцы кармоў на 39-гектарным полі за вёскай Гуркі. Напярэдадні тут былі скошаны травы, зграблены ў валкі. Правяленую масу корманарыхтоўчым комплексам КВК-800 здрабнялі і на трактарах адвозілі ў сянажную траншэю да МТФ Ручай. Побач працаваў прэспадборшчык-абмотчык, які нарыхтоўваў сянаж у рулонах у стрэйч-плёнцы.

Пра планы корманарыхтоўкі ў гаспадарцы расказаў дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Барысавіч Кавалёнак. У прыватнасці ён паведаміў, што ў сельгаспрадпрыемстве па плане трэба скасіць траў 1930 га, а штодзённы план складае 129 га. Гэта, калі не ўлічваць іншыя плошчы, якія таксама будуць скошаны на корм дадаткова. У наяўнасці маецца сем адзінак сенакасілак, два КВК-800, а таксама трактары і грузавыя аўтамабілі для адвозу зялёнай масы. Плануецца нарыхтаваць 40.285 тон сенажу (з іх 5.000 тон — у стрэйч-плёнцы) і 1.500 тон сена.

Начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Міхайлавіч Ламака акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што на кожнай ферме ў абавязковым парадку з траў першага ўкосу павінна быць нарыхтавана і закладзена ў сянажныя ямы прыкладна па адной тысячы тон якаснага корму для дойнага статку. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына Генадзьеўна Міхалёнак паведаміла, што па раёне трэба скасіць травы першага ўкосу на плошчы 12.700 га ў тэрмін да 15 чэрвеня. Час марнаваць нельга, і, у першую чаргу, з-за таго, што ў глебе амаль няма вільгаці. Таму без прамаруджвання неабходна як мага хутчэй завяршыць першы ўкос, каб назапашаныя ў кармавых травах пажыўныя рэчывы не былі страчаны.

Начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валянціна Канстанцінаўна Кузьмянкова ў сваім выступленні расказала пра відавую разнастайнасць кармавых траў. Яна таксама рэкамендавала кіраўнікам гаспадарак ні ў якім разе не рэалізоўваць насенне траў, яравых і азімых культур, якое засталося ў сельгаспрадпрыемствах з мінулага года. Прычына заключаецца ў тым, што засушлівыя канец вясны і пачатак лета пагражаюць недаборам ураджаю.

Пра нормы расходу паліва, арганізацыю працы механізаваных звёнаў, расцэнках і прэміраванні работнікаў пры правядзенні корманарыхтоўкі падрабязна паведаміла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Алена Міхайлаўна Ціхановіч.

Спраўнасць тэхнікі, своечасовы і аператыўны яе рамонт — залог паспяховай работы. На прыкладзе кормаўборачнага комплексу КВК-800 дырэктар Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу Іван Іосіфавіч Ставіцкі расказаў пра рэгуліроўку асноўных вузлоў і механізмаў дадзенага агрэгата.

Пасля ўдзельнікі семінара пераехалі на МТФ Ручай. Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Юрый Георгіевіч Лабуць і выконваючая абавязкі начальніка райветстанцыі Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч дэтальна растлумачылі паслядоўнасць тэхналагічнага працэсу закладкі сянажных ям.

Падвёў вынікі выязнога семінара старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Кіраўніцтву і галоўным спецыялістам райсельгасхарчу, а таксама сельгаспрадпрыемстваў ён даручыў строга выконваць даведзеныя камітэтам аблсельгасхарчу патрабаванні пры правядзенні корманарыхтоўкі. Ён таксама запатрабаваў стварыць у кожнай гаспадарцы адпаведныя камісіі, якія штодзённа будуць сачыць за якасцю нарыхтоўкі кармоў і аховай працы.

Сяргей РАЙЧОНАК

IMG_1302 IMG_1305 IMG_1308 IMG_1324 IMG_1328 IMG_1332 IMG_1335 IMG_1343 IMG_1350 IMG_1362 IMG_1367 IMG_1369 IMG_1378 IMG_1379 IMG_1380



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *