Урачыстыя праводзіны прызыўнікоў адбыліся нядаўна ў аграгарадку Радзюкі. Цікавую святочную праграму для маладых работнікаў КУВСП імя Маркава Дзмітрыя Яцыны і Аляксея Юшкевіча, якія напрыканцы вясны прызваліся ў рады беларускай арміі для праходжання тэрміновай вайсковай службы, падрыхтавалі і правялі загадчыца СДК “Радзюкі” Анна Мікалаеўна Іванкіў і педагог-арганізатар Радзюкоўскай базавай школы Анна Пятроўна Ермакова разам з вучнямі.
Намеснік дырэктара КУВСП імя Маркава Пётр Іванавіч Курэц павіншаваў маладых людзей з важнай падзеяй у іх жыцці – прызывам на ваенную службу і ўручыў Аляксею і Дзмітрыю пахвальныя лісты за добрасумленную, старанную працу ў сельгаспрадпрыемстве. Намеснік кіраўніка гаспадаркі пажадаў хлопцам шчаслівай воінскай службы і нагадаў, што дома іх будуць вельмі чакаць, у тым ліку і ў працоўным калектыве КУВСП імя Маркава, куды пасля заканчэння службы маладыя людзі пры жаданні змогуць ізноў вярнуцца. А цікавы святочны канцэрт узняў усім прысутным настрой і падбадзёрыў будучых абаронцаў Айчыны.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.