Наш карэспандэнт пабываў у гасцях у Сасноўскай пачатковай школе-дзіцячым садзе

Молодежь

Мілена Лагун, Паша Спецыус, Лёша Мацюк і Насця Ясінская са сваімі выхавальніцамі Т. А. Леаненка і В. В. Спецыус

Падчас жнівеньскай канферэнцыі — галоўнага настаўніцкага форуму — кіраўніцтвам раёна быў адзначаны Сасноўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-пачатковая школа. Дырэктар навучальнай установы Іна Віктараўна Счасновіч атрымала каштоўны падарунак для школы за выдатную падрыхтоўку аб’екта да новага навучальнага года.
У кастрычніку давялося пабываць у школе і на свае вочы пабачыць, што ў Сасноўцах на базе вучэбна-педагагічнага комплексу створаны сапраўдны аазіс прыгажосці. У класах утульна, тэрыторыю школы-сада ўпрыгожваюць кветнікі і малыя архітэктурныя формы.

дырэктар навучальнай установы Іна Віктараўна Счасновіч у адным са школьных кабінетаў

— Сёння ў Сасноўскім ВПК ДС-ПШ займаюцца 16 вучняў і 8 выхаванцаў дзіцячага сада, — уводзіць у курс справы Іна Віктараўна Счасновіч. — У нас працуюць тры настаўнікі — Наталля Аркадзьеўна Аблажэвіч, Юлія Аляксандраўна Магаліцкая, Галіна Іванаўна Хрол, а таксама выхавальніцы Іна Аляксандраўна Ляшкевіч, Алена Станіславаўна Міронава, повар Аксана Вячаславаўна Цыунчык.
Вучэбна-педагагічны комплекс аб’яднаў дзяцей з Сасноўцаў, Валожынкаў, Глісцёнак, Астраўлян. Адметна, што 100 працэнтаў мясцовых дашкольнікаў наведваюць дзіцячы сад.
Увогуле, навучальны год 2011—2012 распачаўся ўрачыстай лінейкай — дзяцей сустрэла адрамантаваная і ўтульная школа. Першы ўрок быў пазнавальным — пра Радзіму.
Затым навучальны працэс захапіў вучняў пачатковых класаў. Праўда, малыя не забываюцца і пра пазакласную работу. У школе адбыўся

у спартыўнай зале маецца неабходны спортінвентар, які дазваляе зрабіць урокі фізкультуры не толькі цікавымі, але і карыснымі

конкурс вырабаў на восеньскую тэматыку — прэзентаваны работы не толькі вучняў, але і іх бацькоў. З карысцю для дзяцей прайшоў тыдзень здаровага ладу жыцця. Вялікую цікавасць выклікалі такія мерапрыемствы, як экалагічная акцыя, віктарына па правілах дарожнага руху, конкурсы малюнкаў, букетаў. Першую чвэрць завяршыла свята “Восеньскі лістапад”.
Яшчэ толькі прызвычайваюцца да школьнага жыцця першакласнікі Алена Кавалёнак, Раман Ліпскі, Максім Маляўка. Дзецям дапамагае падрыхтоўка, атрыманая ў дзіцячым садзе. Галоўнае, што яны добра сябе адчуваюць у калектыве.
У планах педагогаў — правесці такія мерапрыемствы, як гульня-падарожжа “Па лясных дарогах”, конкурс малюнкаў “Вайна вачамі дзяцей”, навагодняя казка. Заўсёды на “ўра” у школе праходзяць святы Дзень маці, Дзень сям’і, 8-е Сакавіка. Дзеці любяць мерапрыемствы спартыўна-аздараўленчага накірунку. У школе штомесяц праводзіцца дзень здароўя, гульня “Мазаіка здароўя”, на Дзень абаронцаў Айчыны запланаваны “Рыцар ХХІ стагоддзя”.
Школьнікі рэгулярна наведваюцца да ветэранаў, якіх віншуюць з

на здымку можна ўбачыць некаторыя экспанаты, падрыхтаваныя дзецьмі для выставы, прысвечанай святу ўраджаю

дзяржаўнымі і асабістымі святамі. Аркадзій Усцінавіч Буйка і Леанід Аляксандравіч Мілянцей задаволены тым, што дзеці іх не забываюць.
Зацікавіла тое, як удаецца падтрымліваць прыгажосць і парадак у сельскай школе. Пра гэта спытаўся ў дырэктара.
—    Рамонт робім уласнымі сіламі, — расказвае Іна Віктараўна. — Матэрыяльную дапамогу аказвае ААТ “Даватарскі”. Педагогі ведаюць, што ўлетку трэба папрацаваць, каб 1 верасня школа сустрэла дзяцей абноўленай і падрыхтаванай. Сёлета ўстанавілі на тэрыторыі новую альтанку, разбілі новыя кветнікі, упрыгожылі архітэктурнымі формамі. Усё гэта робіцца для таго, каб стварыць атмасферу ўтульнасці. У такіх умовах і працаваць, і вучыцца лягчэй.
Па словах І. В. Счасновіч, навучальная ўстанова падтрымлівае цесную сувязь з бацькамі, якія не застаюцца ў баку ад школьнага жыцця.
—    Таты і маці цікавяцца справамі дзяцей і, галоўнае, аказваюць нам пасільную дапамогу ў вырашэнні паўсядзённых задач, — запэўніла дырэктар.
З усяго гэтага можна зрабіць выснову: такія невялічкія школы-сады, як у Сасноўцах, патрэбны вясковым людзям. Яны даюць магчымасць бацькам працаваць, ведаючы, што іх дзеці знаходзяцца пад наглядам і заняты справай. Як кажуць, пакуль жыве школа, будзе жыць вёска.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *