
У першую нядзелю чэрвеня ў краіне адзначаюць прафесійнае свята спецыялісты, чыя працоўная дзейнасць звязана з меліярацыяй зямель і воднай гаспадаркай.
У Беларусі, дзе яшчэ 50 год назад балоты і забалочаныя месцы займалі прыкладна 40 працэнтаў тэрыторыі, меліярацыя адыграла важную ролю ў эканамічным развіцці. Паляпшэнне пладародных зямель пачалося ў рэспубліцы ў 1965 годзе, калі ў СССР прынялі дзяржаўную праграму развіцця сельскай гаспадаркі. З тых часоў у Беларусі асушылі больш трох мільёнаў гектар зямель. Трэцяя частка ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі ў краіне вырошчваецца менавіта на такіх угоддзях. У Шаркаўшчынскім раёне меліяравана амаль 44 тысячы гектар зямель, якія даюць 40-50 працэнтаў сельгаспрадукцыі.
Складаная эканамічная сітуацыя закранула і прадпрыемствы меліярацыйных сістэм краіны. Каб мець пэўныя аб’емы работ, заработную плату, спецыялісты гэтай галіны народнай гаспадаркі вымушаны шукаць дадатковыя віды дзейнасці. Напрыклад, у Шаркаўшчынскім ПМС ужо не першы год займаюцца дрэваапрацоўкай і вырабам пілет для прыватнага прадпрыемства “Камплект-М”. Работнікі арганізацыі вядуць нарыхтоўку драўніны для УКП ЖКГ. Частка працоўных і тэхніка задзейнічаны на будаўніцтве Віцебскай гідраэлектрастанцыі. З мая шаркаўчане займаюцца вызначанымі відамі работ на будаўніцтве электрастанцыі ў Пастаўскім раёне. Разам з браслаўскімі калегамі праводзяць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы імя Варашылава ў ААТ “Новая Гвардыя”.
Наогул, у апошнія гады дзейнасць меліяратараў у Беларусі, у першую чаргу, накіравана не на будаўніцтва новых меліярацыйных сістэм, а менавіта на рэканструкцыю ўжо існуючых. У нашым раёне з красавіка сёлетняга года такія работы пачаліся на меліясістэме “Карынка” ААТ “Буеўшчына”.
— На двух участках 195-гектарнага поля вядзецца ўкладка закрытага дрэнажу, — паведаміў нам майстар Сяргей Лысёнак. — Задзейнічаны тры экскаватары, два з іх — многакаўшовыя, бульдозер Т-130 для разраўноўвання кавальераў, іншая неабходная тэхніка. Зладжана і сумленна працуюць работнікі, таку плануем у наступным месяцы здаць аб’ект у эксплуатацыю.
Застаецца пажадаць шаркаўшчынскім меліяратарам паспяховага выканання намечаных планаў, дастойных заробкаў і плённай працы ў далейшым.
Сяргей РАЙЧОНАК