На мінулым тыдні звыш 130 адзінаццацікласнікаў нашага раёна атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. 4 выпускніцы закончылі школу з залатым медалём. Гэта Надзея Булкіна, Паліна Вярыга (Шаркаўшчынская СШ № 1), Ксенія Міхнёнак (Шаркаўшчынская СШ № 2) і Марына Шынкевіч (Лужкаўская СШ).
А вечарам 10 чэрвеня ў спартыўнай зале Шаркаўшчынскай СШ № 1 было цёпла і сонечна. Бацькі, настаўнікі, прадстаўнікі раённай улады, многія шаркаўчане і госці нашага раёна завіталі ў гэту навучальную ўстанову на развітальны выпускны баль, каб павіншаваць такіх яркіх і непаўторных, ужо амаль дарослых і вельмі прыгожых юнакоў і дзяўчат – выпускнікоў 2016 года. У Шаркаўшчынскай СШ № 1 іх у гэтым годзе 60 чалавек.
Урачыстасць выпускнога балю з адзінаццацікласнікамі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 раздзяліў старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, які ў гэты асаблівы для маладых людзей дзень прысутнічаў на мерапрыемстве, шчыра павіншаваў усіх выпускнікоў з паспяховым заканчэннем школы і пажадаў ім усяго самага найлепшага, у тым ліку і паспяховага паступлення ў навучальныя ўстановы краіны. А лепшыя вучні школы, удастоеныя ганаровага звання “Вучань года”, атрымалі ў час урачыстай цырымоніі Падзякі старшыні райвыканкама. Яркім і ўрачыстым момантам свята стала таксама атрыманне атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі. Іх выпускнікам уручыў дырэктар Шаркаўшчынскай СШ № 1 Сяргей Рафаілавіч Ганебны.
Развітваючыся са школай, выпускнікі 2016 года абяцалі, што праз усё жыццё пранясуць звонкія пералівы школьнага званка, светлы сум і чараўніцтва казачнага выпускнога балю, дух школьнага сяброўства і сардэчную ўдзячнасць усім тым, хто на працягу апошніх адзінаццаці год заўсёды заставаўся побач. У гэты незабыўны вечар разам са светлымі марамі ў неба паляцелі рознакаляровыя шары – сімвал школьнага сяброўства і дзяцінства. Яркі і хвалюючы школьны вальс у апошні раз закружыў адзінаццацікласнікаў, на якіх з такой пяшчотай, цеплынёй і любоўю глядзелі бацькі, настаўнікі, класныя кіраўнікі і ўсе родныя. Закрываючы апошнюю старонку непаўторнай школьнай аповесці, ад усяго сэрца яны жадалі сваім выпускнікам толькі шчасця. І няхай усе іх мары збываюцца!