На працягу 24 гадоў тэрапеўтычнае аддзяленне Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы ўзначальвае добра вядомы і паважаны ў нашым раёне чалавек і выдатны ўрач Раіса Станіславаўна Рымчонак, якая ў гэтым годзе стала лаўрэатам звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Гэта высокая ўзнагарода атрымана ёй заслужана, адзначаюць многія медыкі раёна, якія ўжо не адзін год працуюць у адным калектыве з Раісай Cтаніславаўнай. Менавіта ў гэтага тэрапеўта выдатна спалучаюцца высокі прафесіяналізм урача, жыццёвая мудрасць жанчыны і асаблівыя, сардэчныя адносіны да кожнага свайго пацыента. За чвэрць стагоддзя работы ў бальніцы іх было вельмі шмат.
А для самой загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення медыцына – гэта і сэнс жыцця, і работа, якая дазваляе дапамагаць людзям і адчуваць сябе на сваім месцы. А таму ў многіх шаркаўчан Раіса Станіславаўна асацыіруецца з вобразам сапраўднага доктара, які заўсёды побач. І ўсё, што адбываецца ў жыцці гэтага ўрача не выпадковасць, а жыццёвае прызначэнне.
Уражэнка вёскі Дзікева нашага раёна, яна вырасла ў сям’і заслужаных педагогаў Станіслава Іванавіча і Галіны Віктараўны Лагун, і ў яе былі ўсе ўмовы для таго, каб таксама стаць добрым настаўнікам . Але Раіса выбрала для сябе іншы шлях. Яна скончыла школу з “залатым” медалём, медыцынскі інстытут з “чырвоным” дыпломам і пасля інтэрнатуры ў Наваполацку адразу вярнулася працаваць на малую радзіму, у наш Шаркаўшчынскі раён. На працягу 2 гадоў адначасова была ўчастковым тэрапеўтам і ўрачом стацыянара. А з 1992 года і па сённяшні дзень узначальвае тэрапеўтычнае аддзяленне.
-Пасля заканчэння вучобы я вярнулася працаваць у свой невялікі раён, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць і кожны чалавек на віду,- расказала пра сябе Раіса Станіславаўна. — Таму, безумоўна, дома пачынаць працаваць было больш адказна, чым у новым незнаёмым горадзе. І ўсё ж ніколі не пашкадавала аб тым, што засталася ў Шаркаўшчыне, непадалёку ад бацькоў, ад многіх маіх родных,побач з людзьмі, якіх добра ведаю і якія зараз ужо добра ведаюць мяне. У нашым раёне людзі і сапраўды асаблівыя, шчырыя, добрыя, неабыякавыя да чужых праблем. Такія людзі працуюць са мной кожны дзень і ў нашай цэнтральнай раённай бальніцы. Калектыў у нас дружны і зладжаны, кіраўніцтва заўсёды падтрымлівае і зараз, пасля адкрыцця новай бальніцы, працаваць стала значна прасцей. Але і раней, у будынку нашай былой медустановы, якая ўжо не магла адпавядаць ні сучасным умовам, ні належным санітарным нормам, стараліся рабіць усё магчымае, каб сваёй добрай работай і ўважлівымі адносінамі да пацыентаў палепшыць іх быт і стан здароўя. Старанна і добрасумленна працавалі ўсе: і ўрачы, і медсёстры, і санітарачкі. Бо ў арганізацыі работы такога складанейшага механізма, як медыцына, нельга рабіць стаўку толькі на ўрача, у аснове паспяховай дзейнасці любога аддзялення – праца ўсяго калектыву. А ўвогуле, хачу сказаць, што сапраўдны ўрач, нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці, у любым выпадку і пры любых абставінах заўсёды застаецца ўрачом: і ў святочныя, і ў выхадныя дні, і на пенсіі. Таму яшчэ вельмі ўдзячна сваёй сям’і, мужу Альфрэду Браніслававічу і маёй ужо дарослай дачцэ Дзіяне, якія заўсёды мяне разумелі, дапамагалі і ніколі не крыўдзіліся на тое, што я вельмі шмат часу праводзіла на рабоце, і заўсёды мяне падтрымлівалі. А сёння, азіраючыся на пройдзены шлях, жыву ў згодзе са сваёй душой, люблю сваю прафесію, адчуваю сябе шчаслівым чалавекам і іншага лёсу сабе не жадаю.
Шчыра віншую ўсіх сваіх калег з прафесійным святам, Днём медыцынскага работніка і жадаю ім усяго самага найлепшага і на рабоце, і ў асабістым жыцці. Здароўя, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і сямейнага дабрабыту вам і вашым родным.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.