
Нашы продкі прыкмячалі, што восенню і верабей багаты. Гэта таму, што ўраджай сабраны, але яшчэ цэлы, не з’едзены. Прыгадалася такое выказванне, калі трапілі ў КУВСП “Гарадзец” на пляцоўку, дзе ўкрытыя саломай бурты дробнай бульбы, чырвоных бурачкоў і морквы. Усё гэта трэба давесці да парадку і надзейна захаваць на зіму. Пакуль стаіць сухое надвор’е, на дапамогу мясцовым хлебаробам прыязджаюць прадстаўнікі з розных арганізацый райцэнтра, каб паскорыць завяршэнне гэтых работ.
Дарэчы, бульбу адгружалі ў Талочын на крухмальны завод у абмен на сартавое яе насенне. Адправілі туды ўжо 45 тон. Сёлета, як ніколі, урадзілі ў сельгаспрадпрыемстве агародныя культуры. Асабліва ўраджайнай выдалася морква. Забуртавалі карані, цяпер трэба перабраць іх і раздзяліць на тры фракцыі: для перапрацоўкі на кансервава-агароднінасушыльны завод, для рэалізацыі праз гандлёвыя сеткі, а нестандартную — на корм жывёле.

З 10 гектараў сабрана і звезена ў бурты 450 тон морквы. Рэалізавалі пакуль не столькі, колькі б патрэбна было. Таму, замест запланаваных 30, сушыльнаму заводу павышана заданне і будзе пастаўлена для перапрацоўкі 70 тон прадукцыі. Частку морквы забраў завод хлебапрадуктаў горада Ліды Гродзенскай вобласці. Вядуцца перамовы яшчэ на большую колькасць паставак. Пэўныя тоны агародніны адвезлі на Віцебскі гарплодаагароднінагандаль.
Нестандартныя карані выкарыстаюць у гаспадарцы на корм жывёле.
Кацярына СОСНА
