Статыстыка па пажарах, спецыяльныя акцыі ў раёне, вобласці, краіне

Актуальное

Уратуй сябе і сваіх блізкіх
Зараз у краіне склалася напружаная сітуацыя з пажарамі і гібеллю людзей. За 10 месяцаў бягучага года адбыліся 6.788 пажараў. У агні загінулі 847 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей. Назіраецца рост колькасці загінуўшых на 5 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Трэба адзначыць, што асноўная прычына ўзнікнення пажараў, а таксама смерці людзей, — курэнне ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення. На жаль, колькасць пажараў у жылым фондзе павялічваецца, амаль штодзённа ў агні гінуць людзі.
У Віцебскай вобласці за 10 месяцаў зафіксавана 1.134 пажары. У агні загінулі 158 чалавек, з іх трое — дзеці. Гэтыя лічбы крыху меншыя мінулагодніх. Аднак насцярожвае той факт, што 75 працэнтаў загінуўшых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У Шаркаўшчынскім раёне тры чалавекі, якія загінулі на пажарах, знаходзіліся на добрым падпітку. Усе яны палілі цыгарэты, лежачы ў ложку.
Каб стабілізаваць сітуацыю з пажарамі ў краіне з 12 па 26 лістапада праводзіцца рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”. Супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАНС прымаюць у ёй самы непасрэдны ўдзел. У рамках акцыі запланаваны сустрэчы ў калектывах, выступленні на бацькоўскіх сходах у школах і дзіцячых садах, абследаванне жыллёвага фонду.
А. ФЕДУКОВІЧ,
начальнік РАНС

На парадку дня — пажарная бяспека
З 17 па 26 кастрычніка на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна праходзіла спецыяльная акцыя па пажарнай бяспецы. Яе мэта — не дапусціць пажараў, колькасць якіх павялічваецца з пачаткам ацяпляльнага сезона па прычыне няспраўнасці ацяпляльных прыбораў і абсталявання.
У рамках акцыі камісіямі абследаваны 1.077 дамоў і кватэр грамадзян. У тым ліку — 648 домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян старэйшых за працаздольны ўзрост, інвалідаў, шматдзетных сем’яў. Былі наведаны 97 дамоў праблемных і нядобранадзейных грамадзян.
У ходзе праверак выяўлены 10 дамоў з няспраўным пячным ацяпленнем, а таксама 43 няспраўныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Вынікі акцыі сведчаць пра тое, што некаторыя грамадзяне не гатовы да ацяпляльнага сезона. Тым самым яны ігнаруюць бяспеку ўласную і сваіх блізкіх. Трэба памятаць, што бяда — пажар — можа прыйсці ў любы дом, у тым ліку да вашых суседзяў.
Непакоіць, што большасць пажарных апавяшчальнікаў не працуюць з-за адсутнасці ці няспраўнасці элемента сілкавання. Канешне, некаторыя жыхары лепш памяняюць батарэйку ў пульце ад тэлевізара, чым у апавяшчальніку. Трэба думаць пра бяспеку.
У чарговы раз нагадваем, што за парушэнне правіл пажарнай бяспекі прадугледжаны штраф да 950 тыс. рублёў. Многа гэта ці мала? Невядома. Але ж пажар можа пакараць больш жорстка. Трагедыя можа прывесці да смерці людзей.
С. ТАТАРОВІЧ,
намеснік начальніка РАНС.

Пажарная статыстыка за 10 месяцаў
На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна адбыліся 24 пажары. Загінулі 3 чалавекі. Агнём знішчаны 5 будынкаў, агульны ўрон склаў 94,1 млн. руб.
Найбольшая колькасць пажараў — 16 — адбылася з-за неасцярожнасці ў стасунках з агнём. Прычынай чатырох здарэнняў стала парушэнне правіл эксплуатацыі электраправодкі, тры ўзгаранні адбыліся з-за парушэнняў правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення. Адно ўзгаранне стала вынікам падпальвання.
Найбольшая колькасць пажараў зафіксавана ў Германавіцкім с/с — 8. У Шаркаўшчыне адбыліся 4 пажары, па 3 — у Валожынскім, Більдзюжскім і Іёдскім с/с, 2 узгаранні — у Радзюкоўскім с/с.
Дзякуючы зладжаным і прафесійным дзеянням пажарных, уратаваны 3 чалавекі, 52 будынкі, 17 тон кармоў, 3 галавы жывёлы, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 330 млн. рублёў.
Л. БРЫЛЁЎ,
інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *