Валерый Кавалёнак другі раз запар стаў пераможцам Чэмпіянату Беларусі па фотабёрдзінгу

Актуальное

IMG_3678fАпошняя субота мая сабрала ў Брэсце аматараў птушак і фотакамер. У той дзень у горадзе прайшоў чацвёрты Чэмпіянат Беларусі па фотабёрдзінгу. Правесці пяць часоў на прыродзе з’ехаліся больш трыццаці чалавек з усёй краіны.

У восем гадзін раніцы для ўдзельнікаў быў праведзены інструктаж, праверка фотакамер і дадзены старт. Маршрут канкурсантаў аказаўся даволі працяглым. Пяць гадзін спаборніцтваў прайшлі амаль непрыкметна. Хтосьці фінішаваў і хваліўся фотаздымкамі з выявай птушак рэдкіх відаў, іншыя задумліва маўчалі. Пасля даволі складанай працы журы падвяло вынікі.

На чацвёртым Чэмпіянаце ў аб’ектыў фатографаў трапіў 81 від птушак. Прыемнай аказалася навіна, што наш зямляк Валерый Кавалёнак заняў першае месца. Ён змог “злавіць” у аб’ектыў фотакамеры ажно 59 відаў птушак і набраць максімальную колькасць балаў — 177. Валерыю пашчасціла зрабіць кадры такіх рэдкіх відаў як івалга, чайка-рагатуха, круцігалоўка. Шаркаўчанін ужо другі год запар становіцца ўладальнікам тытула чэмпіёна Беларусі па фотабёрдзінгу.

Другое і трэцяе месцы занялі сябры Валерыя — Дзяніс Змачынскі і Максім Каласкоў. Наогул, у тройцы прызёраў аказаліся прыезджыя фатографы. Мясцовыя ж, нягледзячы на добрае веданне мясцовасці, занялі ніжэйшыя месцы ў турнірнай табліцы.

— Арганізатары чацвёртага Чэмпіянату не памыліліся з месцам яго правядзення, — адзначыў спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Сямён Левы. — Удзельнікам удалося сфатаграфаваць ажно 81 від птушак, а гэта кожны чацвёрты від з тых, якія ёсць у Беларусі. За пяць гадзін спаборніцтваў знойдзена пяць рэдкіх відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У Брэсце ёсць такія ўчасткі малапарушанай прыроды з мноствам птушак, якія і гняздуюцца тут. На жаль, ім у будучым пагражае гарадская забудова. Каб не страціць такія месцы, патрабуецца падрыхтоўка абгрунтавання іх далейшай аховы.

Шчыра віншуем Валерыя Кавалёнка з чарговай перамогай і жадаем яму зноў стаць першым сярод назіральнікаў за птушкамі (бердвотчараў) краіны на пятым Чэмпіянаце Беларусі, які пройдзе ў кастрычніку ў Мінску.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *