Педагагічны семінар у Германавіцкай СШ «Эколага-краязнаўчая работа ў школе з улікам рэгіянальных умоў»

Молодежь

майстар-клас падчас заняткаў па працоўным навучанні
майстар-клас падчас заняткаў па працоўным навучанні

Існуюць асновы, якія павінны ўвайсці ў свядомасць кожнага чалавека з дзяцінства. Любоў да сваёй малой радзімы і яе гісторыі, да таго месца, дзе ты нарадзіўся, да роднай прыроды, безумоўна, сярод іх. Выхаваць гэтыя каштоўныя якасці аднымі  лозунгамі і заклікамі проста немагчыма. Тут неабходны іншы падыход. Навучыць юнае пакаленне ашчадна і паважліва адносіцца да навакольнага асяроддзя і прыроды — асабліва важная задача ў нашы дні. Вялікая работа ў гэтым напрамку праводзіцца ў Германавіцкай сярэдняй школе, дзе напрыканцы навучальнага года для дырэктараў навучальных устаноў раёна быў праведзены семінар на тэму “Эколага-краязнаўчая работа ў школе з улікам рэгіянальных умоў”.

Як правіла, у экалагічнай адукацыі вучняў і сёння пераважаюць тэарэтычныя формы навучання. Але ў Германавіцкай сярэдняй школе практыкуюцца і іншыя. Бо ніколі веды і ўменні не стануць здабыткам асобы, калі яны не замацаваныя эмацыянальным і практычным вопытам, — упэўнены педагогі з Германавіч. Менавіта яны падчас семінара паспяхова прадэманстравалі такія формы і метады работы, як правядзенне заняткаў на прыродзе, арганізацыя практычнай дзейнасці вучняў з улікам рэгіянальных умоў. Праводзіць цікавыя, змястоўныя ўрокі, якія абавязкова запомняцца вучням, педкалектыву Германавіцкай сярэдняй школы дапамагае старадаўні парк, закладзены яшчэ ў канцы 18 стагоддзя Ігнатам Шырыным, адным з уладальнікаў Германавіч. Дзякуючы праекту “Малыя рэкі — вялікія праблемы” ў мінулым годзе ўнікальны паркавы ансамбль быў адноўлены — і сёння гэта дазваляе арганізаваць работу з вучнямі цікава і паспяхова. Бо ўрокі, праведзеныя на прыродзе, надоўга застаюцца ў памяці.

У гэтым пераканаліся і ўсе ўдзельнікі семінара, які пачаўся з тэатралізаванай экскурсіі па аграгарадку Германавічы. Вучні ў вобразе рэальных гістарычных асоб (прадстаўнікоў роду Шырыных, Язэпа Драздовіча, Пахалавецкага, які ў 1579 годзе ўпершыню адзначыў мястэчка Германавічы на карце) правялі цікавую пазнавальную экскурсію па аграгарадку і пазнаёмілі  прысутных з унікальнай гісторыяй свайго населенага пункта. Затым у адноўленым старадаўнім парку майстар-класы заняткаў на прыродзе правялі настаўнікі матэматыкі, біялогіі, працоўнага навучання, пачатковых класаў, выяўленчага мастацтва і музыкі. Пасля наведвання творчых выстаў вучняў і педагогаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Сямёнаўна Пучынская запрасіла кіраўнікоў навучальных устаноў раёна ў школьны музей, дзе прысутныя не проста пазнаёміліся з работай музея і экспанатамі, якія там беражліва захоўваюца, але і даведаліся, як можна эфектыўна прымяняць матэрыялы музея ў рамках  вучэбнага і выхаваўчага працэсаў. Як вынікае з вопыту работы, эколага-краязнаўчыя звесткі заўсёды выклікаюць асаблівы інтарэс у дзяцей, успрымаюцца больш асэнсавана і, акрамя гэтага, павышаюць узровень агульнай культуры вучняў. А чалавек, які добра ведае свой край, па-іншаму адносіцца да яго, становіцца больш уважлівым, імкнецца да ўдзелу ў даследчай дзейнасці, якой таксама ў Германавічах надаецца вялікая ўвага. У час семінара вучнямі быў прадэманстраваны праект “Рэха роднай мовы”.

Экалагічныя даследаванні могуць паспяхова праводзіцца на розных узроўнях, у тым ліку і мясцовым, краязнаўчым. Пераканацца ў гэтым падчас работы семінара маглі ўсе яго ўдзельнікі. Дырэктар Германавіцкай сярэдняй школы Людміла Георгіеўна Маркевіч і настаўніца біялогіі Марына Аляксандраўна Фёдарава падчас групавога трэнінгу пазнаёмілі ўсіх прысутных з асноўнымі накірункамі дзейнасці школы па экалагічным выхаванні вучняў. У іх ліку “біяразнастайнасць”, “энерга- і водазберажэнне, “адходы”. Вывучэнне свайго краю і рэгіёну — гэта, у першую чаргу, пазнанне асаблівасцяў прыроды, выяўленне ўзаемасувязі з ёю насельніцтва, вызначэнне мясцовых экалагічных праблем, пошук і практычная рэалізацыя шляхоў іх вырашэння. Безумоўна, па меры магчымасцяў. А арганізаваць такую работу больш дакладна і якасна дапаможа эколага-асветніцкі цэнтр, які ўжо ў наступным навучальным годзе будзе адчынены ў Германавіцкай сярэдняй школе.

Семінар, праведзены на высокім узроўні, пакінуў шмат прыемных уражанняў і эмоцый у кожнага, хто прымаў удзел у яго рабоце. Напрыканцы сустрэчы гэта пацвердзіў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, які выказаў словы падзякі ўсяму калектыву Германавіцкай сярэдняй школы за арганізацыю надзвычай цікавай, карыснай, дакладнай і інфармацыйна насычанай  праграмы ўсяго мерапрыемства.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_5245 (Копировать) IMG_5250 (Копировать) IMG_5254 (Копировать) IMG_5267 (Копировать) IMG_5278 (Копировать) IMG_5297 (Копировать) IMG_5309 (Копировать) IMG_5315 (Копировать) IMG_5320 (Копировать) IMG_5327 (Копировать) IMG_5334 (Копировать) IMG_5349 (Копировать) IMG_5353 (Копировать) IMG_5375 (Копировать) IMG_5411 (Копировать) IMG_5414 (Копировать) IMG_5425 (Копировать) IMG_5439 (Копировать) IMG_5444 (Копировать) IMG_5448 (Копировать) IMG_5464 (Копировать)

252 284



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *