З нарады ў райвыканкаме, якая прайшла 8 лістапада і была прысвечана пытанням добраўпарадкавання, рамонту сельгастэхнікі і жывёлагадоўлі

Общество

8-га лістапада ў вялікай зале Дома Саветаў адбылася расшыраная нарада з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра, дырэктараў, галоўных эканамістаў, заатэхнікаў і ветурачоў сельгаспрадпрыемстваў. Былі разгледжаны найбольш актуальныя пытанні, якія неабходна неадкладна вырашыць з тым, каб дзесьці выправіць сітуацыю ці карэнным чынам змяніць становішча спраў. Вёў нараду старшыня райвыканкама М. В. Морхат. Але аб усім па парадку.
Добраўпарадкаванне
З інфармацыяй аб зробленым на працягу года выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў У. С. Шпец. Як вынікае са сказанага, зроблена даволі шмат па навядзенню парадку на зямлі, зносу пустуючых і драхлых дамоў, устаноўцы агароджаў уздоўж вуліц у населеных пунктах і вакол могілак, высечцы кустарнікаў у рамках рэспубліканскай праграмы “Чыстыя палі”. Разам з тым, як падкрэсліў старшыня райвыканкама М. В. Морхат, можна было б зрабіць намнога больш. Справа ў тым, што асноўныя аб’ёмы работ выкананы шэфствуючымі арганізацыямі райцэнтра. А вось уклад саміх сельгаспрадпрыемстваў і сельвыканкамаў зусім нязначны. Недастатковая работа праводзіцца з насельніцтвам. Ніхто не павінен займаць пазіцыю чакання, а актыўна ўключацца ў вырашэнне дадзенага пытання.
Кожнаму кіраўніку сельгаспрадпрыемстваў была прадстаўлена магчымасць выказаць уласнае бачанне актывізацыі гэтай справы на месцах. Запланавана ў бліжэйшы час правесці сумеснае пасяджэнне райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў па пытаннях добраўпарадкавання на тэрыторыі раёна. А ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў патрабавана неадкладна ліквідаваць недахопы, якія выяўлены ў час аблёту тэрыторыі нашага раёна (прыбраць салому, навесці парадак на звалках, даараць невялікія па плошчы ворыўныя ўчасткі, закончыць абгароджванне жывёлагадоўчых ферм і комплексаў і інш.).
Сёння дбаць пра заўтра
Практычна закончаны ўсе палявыя работы. Аднак інжынерным службам гаспадарак цяпер неабходна канкрэтную ўвагу ўдзяліць кожнай тэхнічнай адзінцы і прычапному (навясному) агрэгату. У першую чаргу абслужыць магутныя МТЗ-3022, якіх у раёне 33. Своечасова выканаць прадугледжаныя інструкцыяй тэхнічныя аперацыі — значыць гарантаваць у далейшым надзейную работу магутных колавых трактараў.
Самую пільную ўвагу ўдзяліць інвентарызацыі прычапных і навясных агрэгатаў. Сёлета выкананы вялікія аб’ёмы работ. Таму некаторыя вузлы маюць патрэбу ў рамонце або поўнай замене. Узяць, да прыкладу, дыскавыя бароны. Паглядзець на стан падшыпнікаў, талерак. Што можна — зрабіць у мехмайстэрнях, а непрыгодныя рабочыя органы, ад якіх у значнай меры залежыць якасць апрацоўкі глебы, замяніць на новыя. Аналагічна і з пасяўнымі агрэгатамі. Не адкладваць на заўтра, бо спрыяльнае надвор’е лістапада, якое зараз усталявалася, патрэбна выкарыстаць спаўна, каб не займацца гэтай работай у восеньскую слоту ці зімовую сцюжу.
Пра справы ў жывёлагадоўлі
Усебаковаму аналізу былі падвергнуты стан жывёлагадоўлі і выкананне прагнозных паказчыкаў за 10 месяцаў. З інфармацыямі выступілі в. а. начальніка ўпраўлення, першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Ю. Г. Лабуць, галоўны ветэрынарны ўрач раёна В. І. Лазовік, дырэктар райплемстанцыі Ю. Б. Аляхновіч. Асабліва суцяшацца няма чаго, бо практычна па ўсіх паказчыках (пагалоўе, прывагі, надоі, якасць прадукцыі, падзёж, злучка, расцёлы, прыплод і г. д.) дапушчаны мінус. З такім станам спраў не намераны мірыцца старшыня райвыканкама, які ў сваіх заўвагах на працягу нарады выказаў яўную незадаволенасць у першую чаргу работай кадраў упраўлення, якія ў поўнай меры не кантралююць і не ўплываюць на ход спраў у акрэсленай галіне, а толькі спасылаюцца на розныя акалічнасці. Не спасылацца патрэбна, а дабівацца эфектыўнасці ў час кожнага рабочага наведвання жывёлагадоўчых ферм у гаспадарках, наводзіць парадак і дысцыпліну, патрабаваць ад кадраў на месцах глыбей унікаць у ход спраў і ўплываць на іх, а не быць проста канстататарамі негатыўных фактаў. Як высветлілася на працягу амаль трохгадзіннай размовы, многія эканамісты, заатэхнікі і ветурачы гаспадарак не валодаюць элементарнымі ведамі па сваіх спецыяльнасцях, не маюць дакладных разлікаў работы на перспектыву. Кіраўнік раёна патрабаваў ад спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу правесці вучобу і атэстацыю кадраў, бо за іх пралікі даводзіцца плаціць недаатрыманай прадукцыяй, якая даволі часта мае невысокую якасць.
Удзельнікі нарады мелі магчымасць пабываць на жывёлагадоўчых фермах ААТ “Юдыцына” і “Буеўшчына”, азнаёміцца з умовамі ўтрымання дойнага статка, арганізацыяй кармлення і даення жывёлы. Паралельна было разгледжана пытанне абгароджвання ферм і комплексаў, якое неабходна закончыць да 12 лістапада.
А 9-га лістапада М. В. Морхат зноў правёў нараду з работнікамі раённых ветэрынарнай і племянной станцыяй, якія замацаваны за гаспадаркамі раёна. Паставіў перад кожным канкрэтныя задачы, паспяховае выкананне якіх паспрыяе паляпшэнню спраў у жывёлагадоўлі і паспяховаму выкананню намечаных паказчыкаў на 2011 год.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *