
На базе большасці школ гарадскога пасёлка і раёна працуюць аздараўленчыя лагеры. Хлопчыкі і дзяўчынкі маюць цудоўную магчымасць разам з настаўнікамі і аднакласнікамі з карысцю правесці свой вольны час. Для дзяцей рыхтуюцца заняткі і ў школьных пакоях, і на адкрытым паветры. Таму немалаважным тут з’яўляецца пытанне бяспечных паводзін непаўналетніх, асабліва, калі яны разам з педагогамі накіроўваюцца ў экскурсіі.
Перыядычна школьныя аздараўленчыя лагеры наведваюць прадстаўнікі адпаведных раённых служб і праводзяць гутаркі прафілактычнай накіраванасці.
У адзін з чэрвеньскіх дзён у Велікасельскую дзіцячы сад-сярэднюю школу і Германавіцкую СШ прыехалі старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Уладзімір Катовіч, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іван Мацкевіч, інспектар РАНС Дзмітрый Катовіч і інспектар ДПС ДАІ Міхаіл Слабовіч. Уладзімір Катовіч растлумачыў, як трэба сябе паводзіць на вадаёмах і каля іх. Змястоўнай была гутарка з інспектарам ДПС. Міхаілу Слабовічу хлопчыкі-падлеткі задавалі пытанні, звязаныя з правільным перамяшчэннем на транспартных сродках па праезных частках. Прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях яшчэ раз нагадаў пра супрацьпажарную бяспеку, а Іван Мацкевіч засяродзіў увагу хлопчыкаў і дзяўчынак на іх паводзінах падчас летніх канікулаў дома і ў школьным лагеры.
Сяргей РАЙЧОНАК