Пакінуць след на зямлі. Расказ пра аднаго з найстарэйшых і самых паважаных жыхароў Лужкоў — Ігара Аркадзьевіча Садоўскага

Актуальное

вось такія былі Садоўскія ў ХХ стагоддзі

Менавіта з такой думкай сустрэў свой 80-гадовы юбілей адзін са старэйшых жыхароў мястэчка Лужкі Ігар Аркадзьевіч Садоўскі. Як склаўся чалавечы лёс, якія найбольш адметныя падзеі адбыліся на працягу працоўнага жыцця, што зроблена і пра планы на бліжэйшую перспектыву — аб усім гэтым некалькі гадзін доўжылася размова журналіста з цікавым суразмоўцай, улюбёным у сваю справу і ўважлівым да праблем аднавяскоўцаў чалавекам, клапатлівым мужам, бацькам і дзядулем.
Дзяцінства Ігара лічы што нічым не адрознівалася ад аднагодкаў. Басаногае, вірлівае, нягледзячы на розныя нягоды, насычанае радаснымі імгненнямі, незабыўнымі ўражаннямі. Але рос не на лес гледзячы, а пад пільным вокам бацькоў, якія ўмелі як падхваліць за выкананае даручэнне, так і прад’явіць даволі сур’ёзныя патрабаванні за самавольства, недарэчны ўчынак. Ужо тады рабіў адпаведныя вывады, вучыўся аналізаваць з тым, каб бацькоўскія ўрокі спатрэбіліся ў далейшым жыцці. Так яно атрымалася на самой справе. З гадамі сталеў, вучыўся, атрымаў прафесію, добрасумленна адносіўся да даручаных абавязкаў, рабіў адпаведныя прыкідкі на будучыню. Але многім планам і марам не суджана было збыцца. Перашкодзіла раптоўна выяўленая хвароба…
І тут сяброўскую руку дапамогі працягнулі многія. Адзін з іх — тагачасны старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Уладзімір Мікалаевіч Клешчанка. Ён і прапанаваў у час адной з сустрэч узяцца за культурна-масавую работу на пасадзе кіраўніка клубнай установы ў Лужках. Новая справа, нязвыклая, у многім невядомая. Аднак у глыбіні душы цеплілася нейкая ўнутраная ўпэўненасць у тым, што калі ўзяцца за справу з вялікай адказнасцю, то ўсё павінна атрымацца. Добра ведаў мясцовую моладзь, умеў знайсці падыход да прадстаўнікоў старэйшага пакалення, часта наведваў мясцовую школу. Бачыў, што ў такім шматлюдным населеным пункце ёсць шмат нявыкарыстаных резерваў для ўздыму культурна-масавай работы на новы, больш высокі ўзровень. Распачаў, як і рэкамендавалі ў раённым аддзеле культуры, з падбору кадраў і фарміравання розных гурткоў, у якія залічваліся згодна са схільнасцямі і здольнасцямі. І справа зрушылася з месца. На поўную моц мясцовыя самадзейныя артысты пачалі заяўляць аб сабе на раённай, абласной і рэспубліканскай сцэнах. Далёка не кожны жыхар раёна ведае аб тым, як на працягу некалькіх гадоў змагаліся лужкаўскія артысты за прысваенне ганаровага звання “Народны калектыў” (1981 год). На той час гэта быў нонсэнс, каб на такую мастацкую вышыню ўзняўся калектыў з невядомай глыбінкі. Колькі спатрэбілася праявіць энергіі, настойлівасці Ігару Аркадзьевічу, калі “аббіваў” парогі вышэйстаячых устаноў культуры. Даказваў, што, напрыклад, мужчынская вакальная група ні ў чым не ўступае абласным ці сталічным артыстам. Там нібыта пагаджаліся і клалі довады “пад сукно”, не ўсведамляючы і глыбока не ўнікаючы ў сутнасць справы. Спыняцца ж на паўдарозе Садоўскі не збіраўся, раз за разам арганізоўваючы гастролі лужкаўскіх аматараў мастацкай самадзейнасці. Нарэшце, настойлівасць Ігара Аркадзьевіча, падмацаваная талентам лужкаўскіх песняроў, была годна адзначана адпаведным дыпломам (пасведчаннем) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая на той час уваходзіла ў склад СССР. Такі след пакінуў І. А. Садоўскі на культурнай ніве.
З выхадам на пенсію, як адзначыў суразмоўца, неяк нуднавата стала. Не змог сядзець без справы чалавек, у галаве якога нараджаліся новыя планы і задумы. Гэты час якраз прыпаў на зараджэнне прадпрымальніцкай дзейнасці. Нягледзячы на цесную сувязь з культурай, Ігар Аркадзьевіч не цураўся працы на зямлі-карміцельцы. Дамашняя гаспадарка была адной з самых моцных у вёсцы. Таму, параіўшыся з членамі сям’і, прыняў адпаведнае рашэнне. Узяў у дзяржавы крэдыт, набыў неабходную на першы час тэхніку і пачаў сам працаваць і трактарыстам, і камбайнерам на выдзеленым зямельным участку. Крыху пазней зразумеў, што аднаму такі воз не пацягнуць і вырашыў стварыць, як фермер, некалькі рабочых месцаў. Што і ажыццявіў. На сённяшні дзень прадпрымальніцкая дзейнасць Ігара Аркадзьевіча значна расшырылася. Зямельны ўчастак каля 20 гектараў, якія апрацоўваюцца высокакваліфікаванымі механізатарамі, сем гандлёвых кропак (магазіны ў Лужках, Верацеях, Германавічах, Сталіцы, Шаркаўшчыне), дзейнасць якіх арганізоўвае і кантралюе нявестка Людміла. Людзі працуюць, маюць нядрэнны па нашых мерках заробак, робяцца пэўныя адлічэнні ў дзяржаўную казну. Прыведзенае вышэй — яшчэ адзін след на зямлі.
На чым грунтуецца дзейнасць І. А. Садоўскага, на што абапіраецца? Адказ тут адзін: на высокую духоўнасць і свядомасць чалавека. Дастаткова нагадаць чытачам і ўсім жыхарам раёна наступнае. Ігар Аркадзьевіч наладзіў цеснае супрацоўніцтва з царквой. Па ўзгадненню бакоў устаноўлены крыж і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго, што з’яўляецца сведчаннем неабыякавасці ініцыятара да пажаданняў і запытаў вернікаў і жыхароў Лужкоў і суседніх населеных пунктаў. Яны ж адказваюць узаемнасцю, з разуменнем адносяцца да просьбаў і дзелавых прапаноў.
У час падрыхтоўкі матэрыялу давялося пагутарыць са старшынёй Лужкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццянай Мікалаеўнай Краснадубскай, якая з задавальненнем расказала аб вялікай дапамозе Ігара Аркадзьевіча ў добраўпарадкаванні Лужкоў, задавальненні просьбаў аб дапамозе ва ўборцы вырашчанага ўраджаю збожжавых і апрацоўцы зямельных надзелаў вяскоўцаў. Такая адзнака прадстаўніка мясцовай улады з’яўляецца яскравым пацверджаннем высокай свядомасці Ігара Аркадзьевіча і яго чалавечнасці.

іх шлюб зарэгістраваны на нябёсах

Сям’я — самая вялікая каштоўнасць для нашага суразмоўцы. З Ларысай (цяпер Ларысай Паўлаўнай) пазнаёміўся ў далёкія і цяжкія пасляваенныя гады. Знаёмства перарасло ў гарачае каханне, і вось яны поруч ідуць 53 гады. У сям’і згода і ўзаемаразуменне. Выхавалі сыноў — Васілій і Анатолій дастойна працягваюць дынастыю Садоўскіх, маюць адпаведную адукацыю, працуюць на адказных пасадах. Але ж ніколі не забываюць пра родны дом, у якім яны не госці, а дарадцы бацькі і маці, клапатлівыя дзеці. Варта нагадаць, што Ігару Аркадзьевічу споўнілася 80 гадоў. І вечарыну з нагоды такой адметнай падзеі арганізавалі дзеці на турыстычнай базе на Браслаўшчыне з запрашэннем знакамітых на ніве культуры людзей, верных сяброў, аднадумцаў. Заслужаны артыст Беларусі, спявак, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Іван Краснадубскі ад імя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўпраўлення культуры аблвыканкама ўручыў юбіляру Ганаровыя граматы і прывітальныя адрасы, выказаў шмат цёплых слоў, высока ацаніўшы асабісты ўклад юбіляра ў развіццё нацыянальнай культуры.
За плячыма Ігара Аркадзьевіча жыццёвы шлях у восем дзесяцігоддзяў. Пара супакойвацца? Ды не ў характары такое ў гэтага няўрымслівага і непаседлівага чалавека. Нягледзячы на ўзрост, ён і сёння поўны планаў і задум. Ёсць прыкідкі на далейшае развіццё гаспадарчай фермерскай дзейнасці (каровы, трусы, нутрыі, куры), павелічэнне зямельных угоддзяў, добраўпарадкаванне Лужкоў. На апошнім хочацца спыніцца асобна. Перад аграгарадком з боку Шаркаўшчыны Ігар Аркадзьевіч вырашыў стварыць яшчэ адно месца для масавага культурнага адпачынку. Сваё бачанне ўзгадніў са старшынёй райвыканкама Мечыславам Віктаравічам Морхатам і атрымаў ад кіраўніка раёна поўную падтрымку не толькі словам, а і канкрэтнымі практычнымі дзеяннямі. Даволі хутка на былой пустэчы, а тут і трава не хацела расці, набяруцца сілы пасаджаныя саджанцы сасны і елкі, розных дэкаратыўных кустарнікаў. Папрацуюць тут і запрошаныя дызайнеры, якія дапамогуць аздобіць гэты куточак лужкаўскай зямлі. Давайце ўспомнім, што дрэвы растуць сотні гадоў. Значыць, яны таксама будуць услаўляць справу ініцыятара, нібы расказваючы нашым нашчадкам аб добрых справах Ігара Аркадзьевіча.
На заканчэнні дадзенага газетнага матэрыялу ёсць сэнс прывесці выказванне нашага суразмоўцы:
—    Лічу, што жыццё пражыў недарэмна і пакінуў значны добры след на зямлі. Я паважаю людзей. Без іх не ўяўляю свайго існавання. Колькі змагу — буду ім дапамагаць. Робячы канкрэтныя справы, я нібы набіраюся здароўя, якім шчодра дзялюся з аднавяскоўцамі. А карыстаючыся выпадкам шчыра дзякую кіраўніцтву раёна, асабіста старшыні райвыканкама Мечыславу Віктаравічу Морхату за аказваемую дапамогу і падтрымку, аднавяскоўцаў за ўзаемадапамогу і ўзаемаразуменне. Усе разам мы — вялікая сіла, якая дапамагае кожнаму рухацца наперад.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *