Калі б дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства “Ельня-Агра” Міхаілу Мікалаевічу Якімовічу прапанавалі выступіць са справаздачай пра работу падначаленай яму гаспадаркі на пятым Усебеларускім народным сходзе, гэту місію ён вытрымаў бы дастойна. Чаму? Таму што вытворчыя паказчыкі сельгаспрадпрыемства з году ў год растуць, а ад гэтага, як вядома залежаць і наяўнасць грашовых сродкаў у касе гаспадаркі і дабрабыт кожнага работніка.
Мяркуйце самі, за мінулы год нарыхтавана ад запланаванага 124 працэнты сенажу, 109 — сена. Азімыя зерневыя ў сярэднім на круг далі ўраджайнасць 35 цэнтнераў, а на некаторых участках — да 60-ці цэнтнераў з гектара. Высокую ўраджайнасць атрымалі і рапсу. Напрыклад, азімы даў 30 цэнтнераў на круг. А валавы намалот зерневых культур стаў рэкордным за ўсю гісторыю існавання гаспадаркі — тры з паловай тысячы тон. Акрамя таго, у мінулым годзе за ўласныя сродкі гаспадаркі набыты і ўведзены ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс.
— Рэспубліканскі форум, у якім мне пашчасціла прыняць удзел, пакінуў шмат станоўчых уражанняў і эмоцый, — кажа нам Міхаіл Мікалаевіч. — У час работы сходу асабліва актуальнымі з’яўляліся пытанні далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Для мяне, як аграрыя, гэта тэма найбольш актуальная, таму што менавіта ў дадзенай галіне народнай гаспадаркі заўсёды маецца шмат складаных пытанняў, над вырашэннем якіх трэба пастаянна і дэтальна працаваць. Цвёрда ўпэўнены, што пастаўленыя задачы па развіцці айчыннага АПК на будучую пяцігодку абавязкова ўвасобяцца ў жыццё і дадуць свой станоўчы плён.
Сяргей РАЙЧОНАК