Васілій Іванавіч Някрасаў два дзясяткі гадоў адпрацаваў у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна

Актуальное

IMG_7496hh (Копировать)За два дзесяцігоддзі работы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна   Васілій Іванавіч Някрасаў заслужыў аўтарытэт і павагу сярод сваіх землякоў. На працягу 18 гадоў ён з’яўляўся намеснікам дырэктара УКП ЖКГ па жыллёва-камунальных пытаннях і добраўпарадкаванні. Зараз на заслужаным адпачынку.

Карэнны шаркаўчанін, ён нарадзіўся і вырас у нашым гарадскім пасёлку. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута вярнуўся працаваць у наш рэгіён, быў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў школах раёна. На працягу года з’яўляўся  дырэктарам Беладворскай базавай школы, потым быў пераведзены на працу ў гарадскі пасёлак.  Затым была служба ў арміі, пасля якой некаторы час працаваў у сістэме адукацыі раёна  выкладчыкам на вучэбна-вытворчым камбінаце.

Асноўная  частка прафесійнага шляху і 20 гадоў жыцця гэтага чалавека звязаны з жыллёва-камунальнай гаспадаркай раёна, у якой Васілій Іванавіч пачынаў працаваць майстрам па добраўпарадкаванні. А ўжо праз 2 гады адказнага і ініцыятыўнага спецыяліста заўважылі і перавялі на пасаду намесніка дырэктара УКП ЖКГ па жыллёва-камунальных пытаннях і добраўпарадкаванні.

Безумоўна работа, якую праводзіў Васілій Іванавіч і падначалены яму калектыў, простай не назавеш. Кола пытанняў,што патрабавалі неадкладнага рашэння, вельмі шырокае, пачынаючы ад  бязмежнай  тэмы добраўпарадкавання і заканчваючы санітарным становішчам  жыллёвага фонду.  Тым больш, што ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі клопатаў заўсёды хапае і толькі дзякуючы выдатнаму калектыву адказных, старанных і працавітых людзей паспяхова пераадольваліся цяжкасці і станоўча вырашаліся многія праблемы.

-Работнікі ЖКГ, з якімі давялося разам працаваць у адным калектыве, шмат зрабілі для таго, каб палепшыць жыццё шаркаўчан і стварыць належныя ўмовы для іх пражывання,- адзначыў у час нашай размовы В. І. Някрасаў.- Значны аб’ём работ у свой час быў праведзены па рамонце дахаў і пад’ездаў, асабліва ў мікрараёне ПМК-51 і на вуліцы М. Горкага. Напачатку купальнага сезону заўсёды належным чынам быў падрыхтаваны гарадскі пляж па вуліцы Вадап’янава.  Вялікая колькасць разнастайных відаў дзейнасці  на працягу года праводзілася і зараз праводзіцца па азеляненні і ўпрыгожванні горада, добраўпарадкаванні сквераў, паркаў, зялёных насаджэнняў. Зроблена шмат чаго іншага. Работа ў сістэме ЖКГ складаная, клопатная, адказная і  вельмі часта незаўважальная, між тым як любы збой у нашым графіку, нават самы нязначны, адразу становіцца відавочным. Але людзі, прадстаўнікі камунальнай службы раёна, свае абавязкі заўсёды імкнуліся выконваць старанна, якасна і па-магчымасці хутка. І часта выходзілі на працу не толькі ў рабочыя, але і ў выхадныя дні, не зважаючы на надвор’е.  Безумоўна, у ЖКГ людзі ў асноўным звяртаюцца з пэўнымі праблемамі.  А я, як чалавек, які не адзін год адпрацаваў у гэтым калектыве, магу з упэўненасцю сказаць,што  большасць камунальнікаў заслугоўваюць слоў удзячнасці за сваю працу, як і прадстаўнікі любой іншай прафесіі, якія належным чынам выконваюць прафесійныя абавязкі. Бо для кожнага з нас  важна, каб нашу працу цанілі і паважалі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *