
Больш за 70 гадоў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі лічыўся галоўным дзяржаўным святам нашай краіны, і, безумоўна, бясспрэчным з’яўляецца той факт, што гэта дата — адна з самых лёсавызначальных у гісторыі чалавецтва.
Гэты асаблівы восеньскі дзень стаў адметным і для многіх маладых жыхароў раёна, для якіх ўжо зусім хутка пачнецца новы этап у жыцці — служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Будучыя абаронцы Айчыны і іх бацькі 7 лістапада былі запрошаны на свята ў раённы Дом культуры, дзе па традыцыі праходзіў чарговы Дзень прызыўніка.
З прывітальнымі словамі да ўсіх прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Галіна Фёдараўна Волах. Ад імя Шаркаўшчынскага райвыканкама і сябе асабіста яна павіншавала маладых людзей са знакавай падзеяй у жыцці, пажадала ім паспяхова прайсці праз усе армейскія выпрабаванні, годна выканаць свой воінскі абавязак і хутчэй вярнуцца дадому, дзе іх будуць вельмі чакаць родныя і блізкія людзі. У сваім выступленні Галіна Фёдараўна адзначыла, што ў цяперашні час у воінскіх падраздзяленнях створаны ўсе належныя ўмовы для армейскай службы салдат.
Да слоў намесніка старшыні райвыканкама далучылася і маці аднаго з прызыўнікоў Галіна Браніславаўна Шаўчонак. Яна пажадала прызыўнікам паспяховай і лёгкай службы і дадала, што кожнаму мужчыне неабходна прайсці няпростую армейскую школу, каб загартаваць характар, стаць больш самастойным і навучыцца прымяняць сілу не на шкоду, а на карысць.

Перад прысутнымі выступіў камісар раённага ваеннага камісарыята Ігар Уладзіміравіч Крылоў. Ён паведаміў, што тэрмін абавязковай воінскай службы складае паўтары гады, усе нашы хлопцы будуць служыць у Беларусі, большасць застануцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Размеркаваны маладыя людзі ў элітныя рады войск, сярод якіх унутраныя і пагранічныя, сілы спецыяльных аперацый і спецыяльнага назначэння. Пры размеркаванні ўлічваліся пажаданні саміх прызыўнікоў, і магчыма, у будучым некаторыя з іх пажадаюць звязаць сваё жыццё з арміяй. Ігар Уладзіміравіч расказаў хлопцам аб парадку адпраўкі ў вайсковыя часці і пра некаторыя моманты службы, уручыў маладым людзям павесткі. У сваім выступленні ён звярнуўся і да бацькоў, якія прысутнічалі ў зале. Па ўсіх хвалюючых пытаннях, якія могуць узнікнуць у прызыўнікоў напачатку праходжання воінскай службы, можна звяртацца ў райваенкамат, дзе абавязкова дапамогуць.
Добрым падарункам для ўсіх прызыўнікоў стала святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі раённага Дома культуры.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
