
Паданне з сямейнага архіва сям’і Каплуноўскіх расказвае пра знаёмства Мікалая Мікалаевіча і Тамары Паўлаўны наступнае. У свой час адразу пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута ў Гродне ў раён прыехала працаваць малады спецыяліст. Прыгожая дзяўчына з баявым, энергічным характарам спадабалася Мікалаю, які ў той час працаваў шафёрам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Вось толькі ўсё думаў ён, як бы з ёй пазнаёміцца. А выпадак хутка прадставіўся. Выехалі яны ў аб’езд на цэлы дзень па палях раёна, а падчас абеду ён і прапанаваў ёй раздзяліць з ім яго пернікі і ліманад, якія падрыхтаваў спецыяльна ў мэтах знаёмства. Вось з тых легендарных пернікаў і ліманаду і пачалася іх сям’я. Сустракаліся перад вяселлем зусім нядоўга — тры месяцы. Цікава, што пасля двух Мікалай ужо зрабіў прапанову, даўшы дзяўчыне месяц на роздум. Але наўрад ці было патрэбна ёй столькі часу, каб зрабіць правільнае рашэнне. Цяпер з тых часоў мінула 40 гадоў і Мікалай Мікалаевіч з Тамарай Паўлаўнай святкуюць юбілей — рубінавае вяселле. У іх трое дарослых дзяцей: сын Андрэй, дочкі Алена і Святлана, ёсць унукі — Юля і Ілля. Дзеці, атрымаўшы адукацыю, жывуць і працуюць тут, у Шаркаўшчыне, побач з бацькамі.
— Хтосьці жыве для грошай, для славы, для саміх сябе, а нашы бацькі жылі для нас — для сваіх дзяцей, — расказвае адна з дачок Святлана. — Яны аддавалі нам, нягледзячы на занятасць на рабоце і недахоп часу, шмат увагі, стараліся выхаваць з нас сумленных людзей. З дзяцінства прывучалі да працы, прычым рабілі гэта ўласным прыкладам: бацька ў нас майстар на ўсе рукі, гэтымі самымі рукамі збудаваў дом, лазню. І маці наша, прыходзячы з работы, паспявала спраўляляцца з вялізнай хатняй гаспадаркай. У кожнага з нас таксама былі свае абавязкі. І адпачывалі мы ўсёй сям’ёй, пастаянна разам выязджалі на прыроду. Не забываюць яны нас і цяпер, калі мы сталі дарослымі, пастаянна дапамагаюць і словам, і справай, вось і ў выхаванні нашага сына Іллюшы бяруць удзел. Хочацца сказаць ад сябе і ад брата з сястрой вялізны дзякуй ім нашым дарагім і любімым за тое, што ўсе свае таленты, сілы, магчымасці, здароўе яны аддалі нам.
На жаль, не атрымалася сустрэцца з самімі юбілярамі, але на гэта ёсць свая, не зусім прыемная прычына. У Тамары Паўлаўны нядаўна ўзніклі праблемы са здароўем, і яна толькі-толькі пачала набірацца сіл пасля бальніцы. Таму і не захацелі мы яе турбаваць. Жадаем ёй абавязкова выздаравець да святочнага дня. А гэты невялікі артыкул няхай стане для яе і мужа прыемнай нечаканасцю перад юбілеем, які яны адсвяткуюць 20 лістапада і на якім будзе прысутнічаць самая галоўная каштоўнасць — іх дзеці і ўнукі.
Андрэй БУРЭЦ
