
Цішыня і бязлюддзе на палях. Цяпер усе сельгасработы перамясціліся на жывёлагадоўчыя фермы і ў механічныя майстэрні. Магчыма таму, на такі перыяд сельскагаспадарчага года і прыпадае прафесійнае свята сельскіх сейбітаў — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Пасля раённага свята кожная гаспадарка праводзіла яго ў сябе. Такая ўрачыстасць адбылася і ў ААТ “Ельня-Агра”.
У сельскім клубе сабраліся практычна ўсе працаўнікі гаспадаркі (115 працуючых), прыйшлі ветэраны працы і вучні мясцовай школы. Раздзяліць свята з сельскімі працаўнікамі прыехала Валянціна Аляксееўна Лось — начальнік райфінаддзела і Галіна Васільеўна Кулік — заатэхнік-селекцыянер упраўлення райсельгасхарчу.
Урачысты сход адкрыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Мікалаевіч Захарэвіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што працаўнікі палёў дасягнулі пэўных поспехаў. Валавы збор зерня склаў 2886 тон супраць леташніх 1456. Ураджайнасць збожжавых — 29,4 цэнтнера з гектара — трэцяе месца ў раёне.
На ўмоўную галаву жывёлы корманарыхтоўшчыкі назапасілі па 25,4 цэнтнера кармавых адзінак.
Закладзена трывалая аснова будучаму ўраджаю. Пасеялі 580 гектараў азімых збожжавых і 110 — рапсу. На ўсёй запланаванай плошчы ў 698 гектараў узнята зябліва.
Сярод механізатараў і вадзіцеляў на выкананні розных відаў сельгасработ вызначыліся Мікалай Пучыла, Віталій Конан, Андрэй Удобкін, Васіль Якімовіч,Іван Шышковіч, Аляксей Малыш, Мар’ян Грыдзюшка, Віктар Красько.
А вось у жывёлагадоўлі паказчыкі за 10 месяцаў года не зусім радуюць. Надоена малака на карову па 3612, а летась на гэты перыяд было 3831 кілаграм. Валавая вытворчасць малака засталася на ўзроўні папярэдняга года. Рэалізавана дзяржаве гатункам “экстра” 47 працэнтаў. Лепшых вынікаў у жывёлагадоўлі дасягнулі Вера Лагун, Мікалай Зубка, Руслан Рагавы.
Прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склаў 23 мільёны рублёў пры рэнтабельнасці 0,5 працэнта.
Дырэктар гаспадаркі ўручыў прэміі пераможцам працоўнага спаборніцтва, а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці прысвячалі ім музычныя нумары.
Кацярына СОСНА
