— Дзякуючы «Славянскаму базару ў Віцебску» свет знаёміцца з Беларуссю, з яе нацыянальнай культурай і гасцінным народам, —адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстага адкрыцця юбілейнага XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Культурныя здабыткі свайго рэгіёну прадставілі на свяце і шаркаўчане. 14 ліпеня прадстаўнікі нашага раёна прынялі ўдзел у святочным шэсці, дзе больш за дзве тысячы чалавек прайшлі па цэнтральнай вуліцы Віцебска да Летняга амфітэатра на ўрачыстае адкрыццё фестывалю.
Трэба адзначыць, што кожны раён нашай вобласці прэзентаваў сваё свята: Шаркаўшчына — “Яблычны спас”, Міёры — “Журавы і Журавіны”, Лёзна — “Песні сунічных бароў” і гэтак далей.
У дзень адкрыцця фестывалю культработнікі раённага Цэнтра культуры разам з калектывам Лужкаўскага сельскага дома культуры і Верацееўскага Цэнтра культуры і адпачынку прымалі ўдзел у конкурсе майстэрства культарганізатараў “Славянская казка”. Журы і гледачам была прадстаўлена казка “Царэўна-лягушка на новы лад”.
У адкрытым міжнародным пленэры “Я малюю фестываль”, які праходзіў з 14 па 18 ліпеня, ад раённай дзіцячай школы мастацтваў удзельнічалі шэсць вучняў пад кіраўніцтвам Віктара Фёдаравіча Крука. Прыемнай навіной для нашай таленавітай моладзі стала 3-е месца Данііла Дземідовіча. Дар’я Шынкевіч атрымала дыплом за ўдзел і каштоўны прыз, заняўшы у конкурсе 4-е месца. Таксама Юлія Арсоба і Дар’я Недведзь атрымалі прызы за актыўны ўдзел і дасягненне поспехаў у творчасці. Міжнародны пленэр праходзіў упершыню і, як зазначылі яго арганізатары, стане традыцыйным.
Сваё майстэрства паказалі майстрыхі па вырабе народных касцюмаў. На плошчы Свабоды адбылося маляўнічае дэфіле «Сцежкі майстэрства-2016», дзе было паказана народнае адзенне, якое насілі ў розных рэгіёнах Віцебшчыны, іншых абласцях рэспублікі, а таксама ў суседніх расійскіх гарадах Смаленску і Пскове. Іван і Алеся Русецкія, Надзея Вайцюль, Ядвіга Туронак, Алёна Сухаверская атрымалі дыплом у намінацыі “Прэзентацыя традыцыйнага касцюма”. А ткачыха Германавіцкага Дома ганчара Ганна Рымдзёнак заняла 1-е месца ў намінацыі “Аднаўленне форм плечавага адзення”.
Малады спецыяліст Германавіцкага Дома ганчара Андрэй Званскі заняў 1-е месца ў свяце-конкурсе майстроў лазапляцення “Лазовы прут-2016” у намінацыі “Творчы дэбют”.
16 ліпеня ў рамках фестывалю прайшоў Дзень моладзі, у якім таксама прымалі ўдзел шаркаўчане. Яркім мерапрыемствам стаў арт-парад субкультур «Беларусь у сэрцы маім!». Творчае шэсце з удзелам прадстаўнікоў моладзі пройшло ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі. У ім удзельнічалі велатрыялісты, скейтбардысты, ролеры, выканаўцы брэйк-дансу, графіцісты, хадулісты, бітбоксеры, харэаграфічныя калектывы, пераможцы розных маладзёжных праектаў БРСМ і іншыя. На плошчы Перамогі кожная абласная і Мінская гарадская арганізацыі БРСМ прэзентавалі лепшыя праекты па рабоце з субкультурамі, творчымі аб’яднаннямі, правялі тэматычныя майстар-класы. Акрамя гэтага, гледачам было прапанавана вялікая колькасць іншых спартыўных і творчых конкурсаў, а таксама выставы «Рэтра-аўтамабіль», «Супербайк» і «Аўтагук». Выстава аўтамабіляў і матацыклаў з прысмакам паленай гумы, звонкай атмасферай шалёнай хуткасці… Гэта нібы іншая рэальнасць, аўтамабілі розных эпох, розных «вагавых катэгорый», рознага класу, розныя па духу, але аднолькава цудоўныя.
Паблізу разгарнуўся «Маладзёжны падворак», дзе па-суседску размясціліся прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска — удзельнікі праектаў «Уладар сяла», «100 ідэй для Беларусі», іншых творчых конкурсаў, а таксама маладыя рамеснікі і фермеры.
Асаблівае месца ў маладзёжным асяроддзі належыць музыцы, таму многія з цікавасцю назіралі за гала-канцэртам бардаўскай песні, а бліжэй да вечара далучыліся да бітвы ды-джэяў, якая праводзілася радыёстанцыяй «Пілот FM». Дарэчы, у беларускай моладзі з’явіўся свой гімн, які прагучаў на ўсю краіну са сцэны Летняга амфітэатра на адкрыцці фестывалю мастацтваў. А ў суботу песня «Зажигает молодёжь» не раз гучала на плошчы Перамогі, адлюстроўваючы дух часу і новага пакалення.
Урачыста прайшоў традыцыйны конкурс тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці і абласцей рэспублікі, які завершыўся святочным канцэртам на плошчы Свабоды. На працягу ўсяго фестывалю працавала Шаркаўшчынскае яблычнае падвор’е, дзе кожны жадаючы мог пазнаёміцца з нашым брэндам, даведаца пра абласны фестываль “Яблычны спас”, сфатаграфавацца з шаркаўчанамі.
Усяго ў мерапрыемствах фестывалю мастацтваў прыняло ўдзел каля 40 прадстаўнікоў Шаркаўшчыны і нашага раёна.
Дырэктар РЦК Аксана Паўлаўна Сініца выказвае падзяку за актыўны ўдзел у «Славянскім базары ў Віцебску» калектывам РЦК, Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў, Германавіцкага Дома ганчара, Каўшэлеўскага Дома фальклору, Лужкаўскага СДК, Верацееўскага Цэнтра культуры і адпачынку, Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый, Навасельскага сельскага Дома культуры і Велікасельскага сельскага клуба.
Алена АНАНІЧ.
