
Вялікая колькасць жыхароў нашага раёна пры выбары найбольш аптымальнага транспарту аддае перавагу менавіта чыгуначнаму. Бо на сённяшні дзень гэта адзін з самых танных і надзейных відаў перавозак як пасажыраў, так і грузаў. І менавіта заўтра, як і кожны год, у першую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята —Дзень чыгуначніка — будуць адзначаць работнікі стальных магістраляў.
Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі станоўча ацэньвае дзейнасць калектыву чыгуначнай станцыі Шаркаўшчызна, а начальнік станцыі Віктар Аляксандравіч Лабуць у гэтым годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік беларускай чыгункі”. Зладжаны калектыў, які на працягу многіх гадоў узначальвае Віктар Аляксандравіч, працуе стабільна і забяспечвае выкананне большасці даведзеных заданняў.
— Пры выкананні паказчыкаў вялікі вопыт работы, безумоўна, дапамагае, але галоўнае — гэта падтрымка калег, — адзначыў начальнік станцыі Шаркаўшчызна В. А. Лабуць. — І атрыманая ўзнагарода — рэзультат нашай агульнай працы. Сумленна і аператыўна выконваюць сваю работу дзяжурныя Яўген Іванавіч Лабуць, Алег Уладзіміравіч Васільеў, Ірына Уладзіміраўна Максімава. Менавіта ад прафесійных дзеянняў гэтых людзей залежыць выкананне такіх заданняў, як пагрузка і прастой вагонаў пры ажыццяўленні грузавых аперацый, забеспячэнне графіка прыбыцця і адпраўлення цягнікоў, бяспека руху і выкананне патрабаванняў аховы працы. Належным чынам свае абавязкі выконвае спецыяліст таварнай канторы Юлія Яўгенаўна Бабчонак. За надзейнасць апаратуры на станцыі нясе адказнасць механік дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Павел Раманавіч Палялейка. Паспяхова арганізавана работа прафсаюзнай арганізацыі, якую узначальвае Ірына Уладзіміраўна Максімава. Увечары, асабліва ў цёплую пару года, людзі з задавальненнем чакаюць пасажырскі цягнік на тэрыторыі станцыі, дзе заўсёды адчуваецца клапатлівая рука станцыйнай рабочай Наталлі Чаславаўны Буйка. На прыгожых клумбах — вялікая колькасць кветак і дэкаратыўных раслін, кусты і трава акуратна падстрыжаны, дарожкі і платформа падмецены. Чысціня і парадак на прылеглай да чыгункі тэрыторыі — вынік добрасумленнай працы Наталлі Чаславаўны.

А ўвогуле, эфектыўную работу чыгуначнікаў на станцыі Шаркаўшчызна забяспечваюць некалькі асобных службаў. Па першае, гэта аддзел перавозак, які кантралюе бяспеку руху на чыгунцы і забяспечвае дастаўку пасажыраў і грузаў. Варапаеўская дыстанцыя пуці на чале з дарожным майстрам Іванам Часлававічам Васілеўскім адказвае за спраўны стан чыгуначнага палатна. Структурнае падраздзяленне “Віцебскгрузсервіс”, якое ўзначальвае Юрый Віктаравіч Грэцкі, ажыццяўляе арганізацыю пагрузачных работ на станцыі, а Полацкая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі адказвае за спраўнасць і надзейнасць апаратуры.
Немагчыма падлічыць, колькі цягнікоў за сваю працоўную дзейнасць сустрэлі і адправілі ў далейшы шлях нашы ветэраны, якія ў розныя гады працавалі на чыгуначнай станцыі Шаркаўшчызна. У іх ліку Міхаіл Рыгоравіч Ліпскі, Тамара Ювінальеўна Кобелева, Галіна Міхайлаўна Максімава, Таццяна Нікіфараўна Болт, Часлаў Часлававіч Трашчынскі і Галіна Казіміраўна Канстанцінава. Усе гэтыя людзі заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці за сваю шматгадовую добрасумленную працу. Шчыра віншую ўсіх сваіх калег-чыгуначнікаў з прафесійным святам і жадаю ім моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах!
З 1933 года, у якім у Шаркаўшчыне з’явілася свая чыгуначная станцыя, прайшло нямала гадоў і, безумоўна, работа чыгуначнікаў за гэты вялікі адрэзак часу вельмі змянілася і стала зусім іншай. Але па-ранейшаму, як і шмат гадоў таму, у наш гарадскі пасёлак працягваюць прыбываць цягнікі. За вокнамі вагонаў мільгаюць твары пасажыраў, міма праплываюць шматлікія лёсы людзей, і з гэтым бясконцым рухам неразрыўна звязана невялікая станцыя Шаркаўшчызна, работнікі якой шчыра жадаюць усім сваім пасажырам “шчаслівай дарогі!”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ