Трагічная старонка ў гісторыі раёна. У лістападзе 1942 года фашысты правялі ў Казянскіх лясах аперацыю «Нюрнберг»

Актуальное

Ганна Вікенцьеўна Казюронак — адна з нямногіх карэнных жыхароў Трабаўшчыны

22-28 лістапада 1942 года ў адказ на актывізацыю дзейнасці партызан фашысты правялі ў Казянскіх лясах аперацыю пад кодавай назвай «Нюрнберг». Аперацыя правалілася, тады немцы рашылі знішчыць разам з жыхарамі вёскі, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне і якія маглі аказваць партызанам падтрымку. Пад гнеў захопнікаў трапілі і населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна: разам з насельніцтвам былі спалены вёскі Трабаўшчына, Кушталі, некалькі хутароў. Наш чытач Уладзімір Якаўлевіч Мілянцей папрасіў абавязкова ўзгадаць пра гэтую трагічную падзею на старонках раённага выдання.

Цяпер у вёсцы Трабаўшчына жывуць двое з тых, каго непасрэдна закранулі трагічныя падзеі вайны і хто нейкім шчаслівым выпадкам здолеў пазбегнуць смерці, якая напаткала тады аднавяскоўцаў. Гэта Алена Іванаўна Мартынкевіч, у яе загінаў бацька. Другая жанчына — 87-гадовая Анна Вікенцьеўна Казюронак. Выпадкова ў дні, калі фашысты нішчылі родную вёску, яна з бацькам была ў іншым месцы. Вярнуліся, а іх на месцы роднай хаты сустрэла папялішча і страшная вестка, што маці з братам загінулі разам з усімі. Адразу жылі дзе прыйдзецца, пасля ўласнымі рукамі ўдваіх з бацькам адбудавалі хату. У хаце саматканыя вырабы нагадваюць, што калісьці Анна Вікенцьеўна была знатнай майстрыхай, яшчэ не надышоў час выходзіць замуж, а ўжо быў гатовы пасаг. І далей у жыцці пастаянна выкарыстоўвала гэтыя ўменні, у доме быў ткацкі станок, ткала вопратку, абрусы, палавікі, пакрывалы, іншыя рэчы, адначасова патрэбныя ў жыцці, так і для прыгажосці.
Нешта нібыта прывязвала Анну Вікенцьеўну да роднай вёскі, выйшла замуж, пажыла на чужыне паўтара гады, а потым угаварыла мужа вярнуцца сюды. Апусцела цяпер Трабаўшчына, мала засталося жыхароў, а Анна Вікенцьеўна застаецца вернай вёсцы, з’яўляючыся адным з апошніх яе карэнных жыхароў, жывым сведкам яе гісторыі.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *