«Дзеці — гэта наша шчасце, наш працяг, наша будучыня». Размова з дырэктарам навучальнай установы ў Лонскіх Ірынай Стрыленка

Актуальное

Ірына Алімпіеўна са сваімі сынамі Арцёмам і Аляксеем

У раённай газеце рэгулярна публікуюцца матэрыялы пра жанчын-працаўніц. У іх акцэнт робіцца на прафесійныя якасці. На жаль, тэма жанчын-маці раскрываецца значна менш. Але ў Шаркаўшчынскім раёне шмат такіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія рэалізаваліся ў жыцці і як спецыяліст, і як маці, і як жонка. Адна з іх — Ірына Алімпіеўна СТРЫЛЕНКА.
І. А. Стрыленка працуе дырэктарам Лонскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-базавая школа. Сёлета Ірына Алімпіеўна стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка.
Ірына Алімпіеўна нарадзілася і жыве ў Лонскіх. Выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і — было пяцёра дзяцей. Рана памёр бацька, маці давялося адной займацца выхаваннем.
У 1993 годзе жанчына выйшла замуж за Дзмітрыя (зараз Дзмітрый Уладзіміравіч працуе галоўным ветурачом ААТ “Юдыцына”). У шчаслівай сям’і растуць дзеткі — тры сыны. Старэйшы Антон вучыцца ў Полацкім лясным каледжы, Арцём — васьмікласнік, пацешны і вясёлы карапуз Алёша, якому 3,5 гады, наведвае дзіцячы сад.
Ірына Алімпіеўна працавала піянерважатай, настаўніцай у пачатковых класах, зараз — дырэктар навучальнай установы.
—    Сем гадоў назад мы атрымалі новае, добраўпарадкаванае жыллё — дом, — уводзіць у курс справы Ірына Алімпіеўна. — Сям’я ў нас дружная. Мне ўвогуле пашанцавала з мужам, бо ён усклаў клопат пра сям’ю на свае плечы.
У кастрычніку Ірына Алімпіеўна стала лаўрэатам прэміі, якую атрымліваюць маці.
— Для мяне гэта было сапраўднай нечаканасцю, — успамінае субяседніца. — Патэлефанавалі, сказалі, што трэба ехаць у Віцебск. У абласным цэнтры было сапраўднае свята, галоўнымі гераінямі якога сталі 27 маці, з іх 6 жанчын атрымалі ордэн Маці, 21 стала лаўрэатам прэміі імя З. М. Тусналобавай-Марчанка. Сярод нас былі жанчыны, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей. Адна маці арганізавала дом сямейнага тыпу, праз які “прайшлі” 26 дзяцей. Урачыстасць праходзіла ў малой зале аблвыканкама, затым быў святочны абед у кафэ. Дарэчы, з паездкай у Віцебск (а ездзіла разам з Арцёмам) дапамаглі начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч, які выдзеліў транспарт і дырэктар ААТ “Юдыцына” Васілій Іванавіч Ляснеўскі, які аказаў матэрыяльную дапамогу.
Незаўважна наша гутарка перайшла на школьную тэматыку. Лонскі ВПК ДС-БШ сёння — гэта 21 вучань і 11 выхаванцаў дзіцячага сада. Большасць дзяцей у школе з шматдзетных сем’яў.
—    Шкада, што не ўсе бацькі належным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі, — такога меркавання прытрымліваецца Ірына Алімпіеўна. — З імі даводзіцца праводзіць прафілактычныя гутаркі, наведвацца дамоў. У школе імкнёмся стварыць па-дамашняму ўтульную атмасферу, якая станоўча ўплывае на развіццё вучняў.
Што тычыцца дзіцячага сада, які працуе трэці год, — гэта вельмі зручна для вяскоўцаў, у якіх ёсць маленькія дзеці. Дзякуючы дапамозе кіраўніка мясцовай гаспадаркі В. І. Ляснеўскага, для дзетак абсталяваны пакой — там маецца новая мэбля, цацкі, гульні. У дзіцячым садзе, дарэчы, засталося толькі адно свабоднае месца для дашкольніка.
Увогуле, у школе працуюць 13 педагогаў. Ветэраны-настаўнікі — гэта Уладзіслава Іванаўна Рыкун, Ніна Іванаўна Траба. Сёлета калектыў папоўніўся маладымі спецыялістамі — выпускніцамі Віцебскага дзяржуніверсітэта: Алеся Уладзіміраўна Маляўка і Марыя Пятроўна Седзюкевіч распачалі сваю працоўную дзейнасць у якасці настаўнікаў.
Ірына Алімп’еўна пераканана, што сям’я — самае галоўнае для чалавека. І яшчэ жанчына лічыць, што ў шматдзетных сем’ях дзеці выхоўваюцца ў атмасферы ўзаемадапамогі і ўзаемаразумення.
—    Калі нарадзіўся малодшы Лёша, — успамінае маці, — не ведалі, як гэта ўспрымуць старэйшыя сыны. Антон і Арцём з разуменнем аднесліся да браціка і сталі нам з мужам надзейнымі памочнікамі. Увогуле, не трэба баяцца станавіцца шматдзетнай маці. Гэта вялікае шчасце, калі маеш дзяцей, калі аддаеш ім усю сябе. Дзеці — гэта наша шчасце, наш працяг, наша будучыня. Жанчыны, станавіцеся маці!
На заканчэнні нашай размовы Ірына Алімпіеўна выказала спадзяванне, што Лонскі ВПК ДС-БШ будзе жыць.
—    Хочацца, каб паболей у нас было маладых сем’яў, — пераканана жанчына. — Каб у іх была праца, жыллё. Тады вёска будзе жыць. Для гэтага трэба ствараць належныя ўмовы для працы і жыцця. Нельга дапускаць, каб моладзь з’язджала ў гарады. Камусьці трэба працаваць у сельскай гаспадарцы.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *