
Будаўнік — адна з самых старажытных і мірных прафесій на зямлі. Напэўна, не ведалі стваральнікі егіпецкіх пірамід і водаправоду ў старажытнаіндыйскіх гарадах Махенджа-Дара і Харапа, што праз стагоддзі людзям іх прафесіі будзе адведзена асаблівае месца ў гісторыі. Цяпер мы яскрава бачым, што буйныя сельскія населеныя пункты, гарадскія пасёлкі і гарады будуюцца, мадэрнізуюцца, рамантуюцца.
Будаўнічая галіна нашага раёна прадстаўлена ДКУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68”. Менавіта гэта арганізацыя выконвае асноўную долю будаўнічых работ у раёне, а таксама за яго межамі. На сённяшні дзень у краіне адчуваюцца пэўныя цяжкасці ў пошуках патрэбных аб’ёмаў і відаў работ для будаўнікоў. Тым не менш, шаркаўчане заўсёды прымаюць адпаведныя захады па занятасці працоўных сваёй арганізацыі.
У студзені—ліпені работнікі ПМК-68 былі задзейнічаны на аднаўленні свінарніка ў КУВСП “Гарадзец”, на мантажы раствора-бетоннага ўчастка ў ААТ “Ельня-Агра”, на рамонце з мадэрнізацыяй будынка суда Шаркаўшчынскага раёна і іншых відах работ на шматлікіх аб’ектах. Будаўнічыя брыгады праводзілі рамонтныя работы і ліквідавалі наступствы, нанесеныя віхурай, якая прайшла па гарадскім пасёлку 11 ліпеня. З іх дапамогай адрамантаваны дахі на вытворчых памяшканнях ААТ “Агратэхэрвіс”, на будынку Шаркаўшчынска-Міёрскай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ”, на жылым доме па вуліцы Скарыны.
У сённяшніх складаных эканамічных умовах для таго, каб мець пэўны грашовы прыбытак, патрэбна знаходзіцца ў пастаянным пошуку аб’ёмаў работ, нават за межамі нашага раёна. Сёлета работнікі ПМК-68 працавалі і працуюць на мадэрнізацыі цэха па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”, на будаўніцтве двух шматкватэрных жылых дамоў і дзіцячага сада ў гэтым жа горадзе. Прымаюць удзел ва ўзвядзенні першай чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва” у г. п. Ушачы, а таксама на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома ў г. Докшыцы.

Шмат вопытных спецыялістаў працавалі раней і шчыруюць цяпер у ПМК-68. Сярод іх вытворца работ Аляксандр Віктаравіч Хамініч. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў на гэтым жа прадпрыемстве ў якасці бетоншчыка 4-га разраду. Пасля стаў майстрам будаўніча-мантажных работ. Па выніках мінулага года Аляксандру Віктаравічу прысвоена званне “Чалавек года Шаркаўшчыны-2015” у намінацыі “будаўніцтва і жыллёва-камунальная гаспадарка”.
Будаўнікі бываюць розныя: тыя, хто стварае планы будучых пабудоў, і тыя, хто іх узводзіць. Адказнасць за якасць работ ляжыць на плячах усіх будаўнікоў, пачынаючы ад праекціроўшчыкаў і заканчваючы простымі рабочымі. А калі да справы падыходзіць з душой, то і працаваць, і жыць у такіх дамах будзе прыемна і ўтульна. І хоць прафесія гэта вельмі складаная, але, разам з тым, высакародная. Кожны будаўнік, які любіць сваю справу, радуецца яе станоўчым вынікам, бо бачыць, што дзякуючы і яго намаганням узводзіцца новы дом, у якім з радасцю будуць жыць людзі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
