Адметнай падзеяй мінулага тыдня для большасці жыхароў нашага рэгіёну стаў “Яблычны фэст” у Алашках. Але не менш ярка, масава і відовішчна з 20 па 21 жніўня ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву праходзіў спартыўна-турыстычны злёт работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання Віцебскай вобласці, удзел у якім прыняла і каманда Шаркаўшчынскага раёна. Да ўдзелу ў спаборніцтвах былі прадстаўлены каманды з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, горада Наваполацка і адміністрацый раёнаў абласнога цэнтра (агульная колькасць — 27 каманд), капітанамі якіх сталі старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі адміністрацый. Каманду Шаркаўшчынскага райвыканкама ўзначаліў Мікалай Баговіч. Як было адзначана падчас мерапрыемства, у спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 500 чалавек.
— Усё большая колькасць дзяржаўных служачых у Віцебскай вобласці далучаецца да спорту, — адзначыў падчас свайго выступлення старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік аргкамітэта трэцяга спартыўна-турыстычнага злёту органаў дзяржаўнага кіравання рэгіёну Уладзімір Цярэнцьеў. — Здаровы лад жыцця і заняткі фізкультурай займаюць значнае месца ў жыцці сучаснага чалавека. А сумесныя спартыўныя мерапрыемствы, акрамя карысці для здароўя, маюць дадатковы станоўчы эфект, бо аб’ядноўваюць калектыў, што, безумоўна, адлюстроўваецца і на рэзультатах працы. З кожным годам дзяржслужачыя дэманструюць ўсё больш высокія спартыўныя рэзультаты, павялічваецца колькасць удзельнікаў спаборніцтваў, да якіх актыўна далучаецца моладзь.
На трэцім абласным спартыўна-турыстычным злёце работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання дастойна выступіла і каманда Шаркаўшчынскага раёна. Зборная па валейболе нашага райвыканкама заняла ганаровае першае месца, пакінуўшы пасля сябе такія непераможныя, на першы погляд, каманды, як зборная аблвыканкама, Аршанскага райвыканкама і іншыя. Перамогу ў спаборніцтвах па валейболе камандзе Шаркаўшчынскага РВК ў гэтым годзе заваявалі першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Ламака, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Зеляпужын, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Мечаль і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Зубовіч. Трэцяе месца ў спаборніцтвах па бадмінтоне, якія праводзіліся сярод кіраўніцтва райвыканкамаў, аблвыканкама, адміністрацый раёнаў горада Віцебск, у старшыні нашага райвыканкама Мікалая Баговіча. А ў ліку пераможцаў конкурснай праграмы, адным з этапаў якой было “кіданне бервяна”, таксама прадстаўнік нашай шаркаўшчынскай зборнай — Дзмітрый Зеляпужын.
— І хоць каманда Шаркаўшчынскага райвыканкама ў агульным заліку не ўвайшла ў лік пераможцаў, яна дастойна выглядала сярод сваіх канкурэнтаў, — адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Наталля Арэшкава. — Перамога шаркаўчан у двух відах спорту не засталася незаўважанай. І яна невыпадковая. Напярэдадні турзлёту патрабаванні да адбору ўдзельнікаў былі самыя строгія. У раёне былі праведзены папярэднія спаборніцтвы, якія і дазволілі вылучыць мацнейшых сярод работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання. Усе гэтыя людзі, безумоўна, не з’яўляюцца прафесійнымі спартсменамі, але яны зрабілі ўсё ад іх залежнае, каб дастойна прадставіць Шаркаўшчынскі раён на абласным спартыўна-турыстычным злёце сярод сваіх калег. А каб атрымаць выдатны рэзультат у наступныя гады, неабходна загадзя, мэтанакіравана і планамерна трэніравацца. Бо з кожным годам праграма мерапрыемстваў становіцца ўсё больш насычанай, з’яўляюцца новыя віды спаборніцтваў, падрыхтоўка саміх удзельнікаў становіцца ўсё больш сур’ёзнай. А значыць, ёсць над чым працаваць.
Вынікі злёту гэтага года наступныя. Першае месца з вялікім адрывам заваявала дружына Віцебскага аблвыканкама, а сам губернатар Мікалай Шарстнёў стаў абсалютным пераможцам спаборніцтваў па жыму штангі. Другое і трэцяе месца ў каманд Бешанковіцкага і Лёзненскага раёнаў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.