Кожны з нас імкнецца зрабіць сваё жыццё як мага больш разнастайным і цікавым. Найважнейшую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць чалавечыя зносіны. Вельмі важна падзяліцца з акружаючымі радасцю і праблемамі, адчуваць сябе камфортна сярод іншых людзей. Асабліва гэта датычыцца тых грамадзян, якія маюць інваліднасць.
На жаль, многія ўспрымаюць інвалідаў і судзяць аб іх толькі па знешнасці, не стараючыся зазірнуць у багаты ўнутраны свет гэтых людзей. А менавіта інваліды вучаць нас не проста існаваць, а тварыць кожны дзень свайго жыцця, праз музыку, танец, выяўленчае мастацтва, заняткі фізічнай культурай даказваць, што чалавечыя магчымасці не маюць межаў. У гэтым спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пераконваюцца кожны дзень, калі бачаць, як нашы наведвальнікі, нягледзячы на праблемы са здароўем, паспяхова авалодваюць рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці, у меру сваіх здольнасцей займаюцца ў трэнажорнай зале, імкнуцца спазнаць нешта новае, здзіўляюць творчымі здольнасцямі. А яшчэ яны падаюць сапраўдны прыклад мужнасці, міласэрнасці і дабрыні.
Часам здаровыя людзі проста не ведаюць, як правільна паводзіць сябе з тымі, хто мае абмежаваныя магчымасці. Між тым, існуюць правілы этыкету, якіх трэба прытрымлівацца, каб няўдалым словам ці жэстам не пакрыўдзіць пачуцці і чалавечую годнасць інваліда. Вось некаторыя з іх:
— пры размове звяртайцеся непасрэдна да інваліда, а не да таго, хто яго суправаджае;
— не задавайце нетактоўных пытанняў наконт захворвання чалавека, калі суразмоўца не пажадае расказаць аб гэтым сам;
— калі вы знаёміцеся з інвалідам, не саромейцеся паціснуць яму руку, устанавіць зрокавы кантакт, каб паказаць яму сваю прыхільнасць;
— памятайце, што нельга абапірацца на інвалідную каляску, спрабаваць садзіцца ў яе, бо гэта частка асабістай прасторы чалавека, які яе выкарыстоўвае;
— у час гутаркі з чалавекам, які мае цяжкасці пры вымаўленні, слухайце вельмі цярпліва і ўважліва, не перабівайце і не дагаворвайце за яго;
— калі неабходна прыцягнуць увагу чалавека з дрэнным слыхам, памахайце яму рукой, краніце за плечы, выгаворвайце словы гучна і выразна, дапамагаючы тым самым «чытаць па вуснах».
Штогод з 15 кастрычніка па 15 лістапада ў Беларусі праходзіць месячнік «Чалавек з белым кійком». Яго мэта — звярнуць увагу грамадства на праблемы інвалідаў па зроку. На вуліцы, у транспарце нам часта трапляюцца такія людзі. Пры сустрэчы з імі не праходзьце міма. Акажыце сляпому або слабавідзячаму чалавеку, які разгубіўся, элементарную дапамогу. Адвядзіце ад ямы і адкрытага люка, саступіце месца ў транспарце, чарзе, дапамажыце перайсці дарогу, укажыце правільны напрамак.
Хацелася б звярнуцца да работнікаў грамадскага транспарта і сферы абслугоўвання. Чалавеку-інваліду часам складана арыентавацца ў навакольным асяроддзі. Таму акажыце яму падтрымку. Старайцеся быць цярплівымі, ветлівымі і тактоўнымі пры абслугоўванні. Ваша дабразычлівасць і чалавечнасць прынясуць вялікую карысць і высока ацэняцца людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Т. КЛІМЗА,
загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН
