“Усё для шчасця дзяцей!” — з такім дэвізам Ірына Буднік з Лужкоў крочыць па жыцці

Актуальное

Некаторыя людзі часта скардзяцца на жыццё, расказваюць пра цяжкасці, нават дробныя, на кожным кроку — родным, знаёмым, суседзям. І гэта, канешне, не ўпрыгожвае іх. Сярод нас ёсць шмат людзей, якія, сутыкнуўшыся з сапраўднай праблемай у жыцці, нікому пра гэта не гавораць — ад іх не пачуеш ні слова скаргі. Адметна, што моцных духам больш сярод жанчын. Адна такая прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва жыве ў Лужках. А зараз крыху больш падрабязна пра жыццё гэтага чалавека.
Ірына Анатольеўна БУДНІК — дырэктар Лужкаўскага СДК. Жанчыну ведаюць жыхары раёна — як работнік культуры, як творчая асоба яна ўдзельнічае ў многіх масавых раённых мерапрыемствах.
Аднавяскоўцы і калегі ведаюць Ірыну Анатольеўну, як жыццярадасную, мэтанакіраваную, дабрадушную жанчыну. З яе твару не сыходзіць усмешка. З першага погляду не скажаш, што ў яе ёсць праблемы. А праблема сапраўды вялікая…
12 гадоў назад на свет з’явіўся сынок Ільюшка. Падчас родаў хлопчык атрымаў траўму. Як вынік — нарадзіўся з ДЦП і эпілепсіяй — несумяшчальнымі дыягназамі.
З таго часу жыццё Ірыны Анатольеўны змянілася. Ільюшка патрабуе шмат увагі і пастаяннага догляду. У першы перыяд жыцця ў суткі ў хлопчыка здаралася да 100 эпілепсічных прыпадкаў. Зараз стала лягчэй — прыпадак калі здараецца, то толькі ноччу.
Ільюшка рос, развіваўся. У 1,5 годзіка пацягнуўся да цацкі. У 4—4,5 гады пачаў поўзаць. Маці рукі не апускае. Па словах Ірыны Анатольеўны, Ільюшка — асаблівае дзіця, якое патрабуе больш ласкі і любові.
Першая памочніца ў маці — дачка Яна. Дзяўчына зараз вучыцца на другім курсе ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яна — будучы рэжысёр. Прафесію выбрала пад уплывам маці. У школьныя гады дачка заўсёды ўдзельнічала ў культурна-масавых мерапрыемствах — у школе і ў СДК. Таксама займалася ў музычнай школе па класу баяна. Увогуле, Яна — вясёлая, жыццярадасная, таварыская.
З дзяцінства Ірына Буднік жыла ў Шаркаўшчыне. Вучылася ў СШ № 1. Займалася спортам, наведвала музычную школу. Любоў да музыкі перадалася ад любімых настаўнікаў — Івана Казіміравіча Курто і Станіслава Нікандравіча Шашка.
Лёс распарадзіўся так, што давялося папрацаваць аператарам сувязі, начальнікам аддзела паштовай сувязі, касірам “Беларусбанка”. Пяць гадоў назад Ірына прыйшла ў культуру. Зараз жанчына займаецца на завочным аддзяленні Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.
Бацькі Ірыны Анатольеўны жывуць у вёсцы Барсукі (непадалёк ад Лужкоў). Маці Раіса Станіславаўна — інвалід 1-й групы. Жанчына больш 30 гадоў рухаецца з дапамогай мыліц. Бяда напаткала Раісу Станіславаўну, калі дачка Ірынка вучылася ў 1-м класе. Тата Анатолій Уладзіміравіч дапамагае ва ўсім жонцы. Яны разам часта наведваюцца да Ірыны Анатольеўны — дапамагаюць па гаспадарцы, прыглядаюць за ўнучком Ільюшкам.
Непадалёк ад Ірыны, у Лужках, жыве яе родная сястра Алена. Цікава, што ў Алены зараз прозвішча Грыдзюшка (у дзявоцтве яна таксама Грыдзюшка) — выйшла замуж за цёзку па прозвішчы.
Па словах Ірыны Анатольеўны вялікую дапамогу ёй аказвае дваюрадны брат Уладзімір Пучынскі з Шаркаўшчыны, які з’яўляецца хросным бацькам Ільюшкі і Яны. “Вова — залаты чалавек, які гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу”, — зазначыла Ірына.
Увогуле, Ірына Буднік — вельмі моцны чалавек. Жанчына не наракае на лёс, а шукае выйсце з сітуацыі, якая складваецца. Ірына Анатольеўна атрымала вадзіцельскія “правы”, набыла аўтамабіль “дзявятку” расійскай вытворчасці. Без машыны цяжка, кажа жанчына. Ільюшу трэба адвезці ці па рабоце куды пад’ехаць — транспартны сродак стаў незаменным сябрам. “Пераношу сына на руках у машыну, бяру ў багажнік інвалідную каляску і мы паехалі, — расказвае маці. — Я не чакаю дапамогі ад кагосьці. Разлічваю толькі на ўласныя сілы, а таксама на родных — дачку, маці, тату, сястру”.
Падчас размовы цікаўлюся, маўляў, культработнік — гэта прафесія, якая патрабуе поўнай самааддачы і натхнення. “А я не лічу сябе пакрыўджанай лёсам. У мяне ёсць сям’я. Яна — мая радасць, надзея і найлепшая сяброўка. Ілья — гэта незвычайнае дзіця, якому трэба аддавацца поўнасцю. І ён мяне разумее, адчувае маю любоў. А гэта і ёсць найвялікшае шчасце для любой маці!” — такога меркавання прытрымліваецца Ірына Буднік. І працягвае: “Адчуваю сябе запатрабаванай — трэба жыць для дзяцей, для іх будучыні. Гэта надае сэнс жыццю, у гэтым крыніца маіх сіл, майго натхнення”.
Па словах Ірыны Анатольеўны, ёй няма часу сябе шкадаваць. Трэба рухацца наперад і, прытым, хуткім тэмпам. Як маці і гаспадыні, жанчыне даводзіцца выконваць шмат абавязкаў. І за яе гэта ніхто не зробіць.
Калі з Мінску прыязджае Яна — у хаце свята. Маці знаходзіцца на сёмым небе ад шчасця. Вечарамі да позняга часу гутараць з дачкой, як найлепшыя сяброўкі. Яна даглядае браціка, дапамагае маці па дому, гаспадарцы. “Маёй радасці няма межаў, калі ўвечары збіраемся з дзецьмі і можам спакойна пасядзець, нікуды не спяшаючыся, — з захапленнем расказвае Ірына. — Хочацца, каб гэтыя імгненні не канчаліся. Гэта так цудоўна: адчуваць сябе шчаслівай маці!”.
У размове высветлілася, што Ірына Анатольеўна мае жаданне аб’яднацца з жанчынамі, у якіх ёсць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. А такіх мужных прадстаўніц прыгожай паловы ў Беларусі шмат. Ірына Буднік спадзяецца, што ў гэтым ёй дапаможа Інтэрнэт. Дзе вы, маці, адгукніцеся? Разам будзе лягчэй пераадольваць жыццёвыя цяжкасці.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *