У першую суботу снежня страхавое таварыства Рэспублікі Беларусь адзначае ў чарговы раз сваё прафесійнае свята. Адметна, што гэты дзень сумяшчаецца са знамянальнай датай — Белдзяржстраху спаўняецца 90 год.
Нагадаю, што зараджэнне страхавання было выклікана неабходнасцю абараніць маёмасныя інтарэсы грамадзян ад стыхійных бедстваў, катаклізмаў, няшчасных выпадкаў. Да першых паслуг адносілася дзяржаўнае маёмаснае страхаванне ад агню і страхаванне буйной рагатай жывёлы. З цягам часу з’яўляліся новыя віды, якіх цяпер налічваецца больш за 100.
Да 1 студзеня 1992 года ў Беларусі існавала адзіная страхавая арганізацыя — Белдзяржстрах, які ўваходзіў у сістэму Дзяржстраху СССР. З яго распадам утварылася звыш 120 страхавых кампаній. Многія, не вытрымаўшы канкурэнцыі, спынілі сваё існаванне. А самы надзейны партнёр — Белдзяржстрах, структура якога неаднаразова мянялася, пераходзіў з аднаго ведамства ў другое. Цяпер, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, мы ў веданні Міністэрства фінансаў.
На тэрыторыі нашага рэгіёна страхавыя паслугі аказвае аддзел па аказанню страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкаму раёну. Найбольш запатрабаванымі відамі (а іх амаль 30) з’яўляецца страхаванне пабудоў, дамашняй маёмасці, жывёлы, транспартных сродкаў, грамадзян ад няшчасных выпадкаў і захворванняў. Ёсць і навінкі, якія выкліканы жыццёвай неабходнасцю. Гэта страхаванне партатыўнай тэхнікі (ноутбукаў, мабільных тэлефонаў), пародзістай жывёлы, крэдытаатрымальнікаў, вадзіцеляў і пасажыраў і многія іншыя.
За 10 месяцаў 2011 года супрацоўнікамі аддзела і пасрэднікамі Белдзяржстраху заключаны 15.581 дагавор па ўсіх плануемых відах страхавання, у тым ліку 11.023 па дабравольных, што на 1.016 і 660 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў не толькі ў вобласці, але і на рэспубліканскім узроўні.
За ўсім гэтым — паўсядзённая і карпатлівая праца членаў нашага калектыву, у якім, разам з начальнікам, 9 спецыялістаў, 18 страхавых агентаў, 2 тэхработнікі, а 3 маладыя супрацоўнікі знаходзяцца ў водпусках па выхоўванню маленькіх дзетак.
Работнікі аддзела — граматныя і кампетэнтныя спецыялісты з багатым практычным вопытам. Сем спецыялістаў і дзевяць страхавых агентаў маюць стаж работы больш за 10 год. А страхавы агент М. М. Атрахімовіч мае стаж больш за 30 год, вядучы спецыяліст В. М. Гімбар, страхавыя агенты В. А. Пецюкевіч і В. М. Пяткун — больш двух дзесяцігоддзяў.
Добрасумленныя адносіны да справы — адна са станоўчых рысаў членаў калектыву, што і спрыяе дасягненню высокіх паказчыкаў. З пачуццём гонару адзначаю вядучага спецыяліста Святлану Казіміраўну Буткевіч, страхавых агентаў Вацлава Мар’янавіча Петкуна, Ванду Мікалаўену Барысаву, Іну Аляксандраўну Марозаву, Наталлю Уладзіміраўну Сіповіч, Мікалая Мікалаевіча Атрахімовіча. Хутка асвоілася і паспяхова працуе малады спецыяліст Валянціна Канюхова.
Вельмі важкі ўклад у развіццё страхавання на тэрыторыі раёна ўнеслі ветэраны сістэмы, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Гэта Канстанцін Міхайлавіч Кухальскі, Яніна Вацлаваўна Свяцкая, Тамара Мікалаеўна Анецька, Яўгенія Сяргееўна Яфімава, Ліна Аляксандраўна Зямец, Аліна Пятроўна Пяткевіч, Людміла Іванаўна Падабед, Вячаслаў Дзмітрыевіч Фурс, Эля Пятроўна Ан, Таісія Міхайлаўна Базільчук, Паліна Калінаўна Ротчанкава, Вольга Мікалаеўна Бруйка, Леаніда Мікалаеўна Лялека, Таццяна Уладзіміраўна Кавалёнак.
Сваю работу па забеспячэнню страхавой аховы будуем у цесным узаемадзеянні з органамі мясцовай улады, РАНС, праваахоўнікамі, медыцынскімі ўстановамі, банкамі, поштай, ветэрынарнай і аграметэаралагічнай службамі. Таму мы ўдзячны нашым партнёрам і кліентам за давер і будзем яго апраўдваць і надалей, у поўным аб’ёмы выконваючы свае абавязкі пад дэвізам “Учора, сёння, заўтра — мы з вамі”.
Ад імя ўсяго калектыву выказваю словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў і райцэнтра, усім кліентам Белдзяржстраху ў раёне і запэўніваю, што на выпадак няшчасця мы вас не падвядзём, а заўсёды акажам дапамогу.
Віншую ўсіх калег і ветэранаў Белдзяржстраху з прафесійным святам і 90-годдзем з дня яго ўтварэння. Вам і жыхарам раёна моцнага здароўя, мірнага неба, поспехаў у працы і асабістага шчасця.
В. ДАВЫДЗЁНАК,
начальнік аддзела страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкаму раёну
