Сёлетні Год культуры азнаменаваны юбілейнымі датамі знакамітых пісьменнікаў Беларусі — Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Змітрака Бядулі. Святкаванне іх дзён нараджэння стане адной з адметнасцяў правядзення Дня беларускага пісьменства, які сёлета адбудзецца 4 верасня ў горадзе Рагачоў Гомельскай вобласці.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гістарычнай культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню свята адзначалася ў старажытным горадзе Полацку. Потым былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын.
У межах свята ўдзельнікі і госці змогуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выставамі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў. Па традыцыі на Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць узнагароджванне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і мноства іншых мерапрыемстваў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
