
У сераду старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч разам з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Станіславам Тадэвушавічам Стомам правялі сустрэчы з жыхарамі вёсак Кубелеўшчына, Вішнявец і Запруддзе Більдзюжскага сельсавета. Асноўнай тэмай гутаркі стала правядзенне ў краіне выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Мікалай Ірынархавіч у сваёй прамове падрабязна растлумачыў прысутным функцыі, якія ажыццяўляе Парламент нашай краіны, праінфармаваў пра работу папярэдніх пяці скліканняў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Наша краіна не раз даказвала, што важнейшыя пытанні дзяржаўнага жыцця вырашаюцца ў Беларусі найбольш дэмакратычным шляхам — свабодным волевыяўленнем народа, — сказаў кіраўнік раёна. — Адобраныя дэлегатамі пятага Усебеларускага народнага сходу асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады ўтрымліваюць канкрэтныя мэты і арыенціры для далейшага развіцця.
Мікалай Ірынархавіч заклікаў не заставацца ў баку ад правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а скарыстаць сваё канстытуцыйнае права і аддаць голас ў падтрымку таго або іншага кандыдата ў дэпутаты.
Галоўны ўрач Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслаў Тадэвушавіч Стома расказаў пра стан медыцынскага абслугоўвання ва ўстановах аховы здароўя раёна, пра метады абследвання насельніцтва, выяўленне і лячэнне захворванняў. Ён таксама раіў прысутным своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай, асабліва гэта адносіцца да жыхароў аддаленых вёсак, дзе няма ФАПаў. Сучаснае медыцынскае абсталяванне, якім аснашчана цэнтральная раённая бальніца, дазваляе выявіць шматлікія захворванні на ранніх стадыях, а сам штат установы укамплектаваны высокакваліфікаванымі спецыялістамі-медыкамі.
У час гутаркі прысутнымі ўзнімаліся праблемныя пытанні жыццядзейнасці. Так, жыхары Кубелеўшчыны не задаволены працай і асартыментам харчовай прадукцыі, якую дастаўляюць у вёску на аўтамагазіне. У Запруддзі насельніцтва скардзілася на дрэнны стан дарожнага палатна. Аўтаўладальнікі пажадалі, каб аўтагрэйдэр часцей праводзіў работы па раўнаванні выбоін на гравійных дарогах. Жыхары гэтай вёскі звярнуліся да старшыні райвыканкама з просьбай не скасоўваць рэйс прагараднага аўтобуса “Шаркаўшчына—Барсучына”, бо ў аддаленых вёсках пражывае шмат людзей, якія не маюць магчымасці дабрацца ў райцэнтр на ўласным транспарце. Мікалай Ірынархавіч Баговіч і старшыня Більдзюжскага сельвыканкама Алена Генадзьеўна Чарняўская вырашэнне ўзнятых пытанняў узялі пад асабісты кантроль. Кіраўнік раёна запэўніў прысутных, што невырашальных праблем няма. Іх ні ў якім разе не трэба ўтойваць, а сумеснымі намаганнямі шукаць выйсце з таго або іншага складанага становішча. Менавіта гэта і з’яўляецца галоўнай мэтай пры сустрэчах прадстаўнікоў мясцовай улады з жыхарамі раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.