
Раённы агляд-конкурс “Маладзёжнае падвор’е” праводзіўся з мэтай падтрымкі і заахвочвання маладых сем’яў, якія дасягнулі значных рэзультатаў у добраўпарадкаванні сваіх дамоў і кватэр, паляпшэнні санітарнага стану падворкаў, вядзенні прысядзібнай гаспадаркі. Непасрэднымі арганізатарамі форума выступілі аддзелы па справах моладзі і культуры райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённы цэнтр гігіены и эпідэміялогіі, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У гэтым годзе агляд-конкурс праходзіў у два этапы. Першая яго частка была арганізавана непасрэдна ў працоўных калектывах: ва ўсіх 10 сельгаспрадпрыемствах і 13 найбольш значных арганізацыях райцэнтра.

У Шаркаўшчыне, на пачатковым этапе, 46 маладых сем’яў дэманстравалі рэзультаты сваёй творчасці і працоўных дасягненняў. Восем сямейных пар, якія прадстаўлялі на конкурсе “Беларусбанк”, уключыліся ў навядзенне парадку і прыгажосці на сваіх падворках, па шэсць пар удзельнічалі ад працоўных калектываў ПМК-68, цэнтральнай раённай бальніцы і “Белаграпрамбанка”.
А вось пазмагацца за лідарства на раённым узроўні рызыкнулі паспрабаваць толькі 5 самых творчых сямейных дуэтаў. Сярод маладых сем’яў, якія пражываюць у дамах сядзібнага тыпу ў райцэнтры, на жаль, новых прозвішчаў сярод пераможцаў не з’явілася. У мінулым годзе ў гэтай намінацыі Ганаровымі граматамі райвыканкама былі ўзнагароджаны сем’і Аляксандра і Эмы Баговічаў (ПМК-68) і Яўгена і Юліі Паўловічаў (прадпрыемства меліяратыўных сістэм). Не уступілі яны сваіх пазіцый і ў бягучым годзе.
Другі год мы спрабуем вызначыць лепшыя маладыя сямейныя пары, што пражываюць у кватэрах. У 2010 годзе судзейскай камісіі конкурса спадабаліся некалькі кватэр, але, на жаль, добраўпарадкавання лесвічных клетак і прыдамавой тэрыторыі мы не ўбачылі, таму ўдзельнікі і не былі прадстаўлены да ўзнагароды.

У гэтым годзе ўжо відавочныя змены ў лепшы бок. Добры прыклад прадэманстравала маладая сям’я Сяргея і Алёны Крыўка, заяўленая ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны пражываюць у новым шматкватэрным жылым доме па вуліцы М. Горкага. Акрамя творчага падыходу ў добраўпарадкаванні і афармленні сваёй кватэры, стварэнні ўмоў для паўнацэннага развіцця дзяцей у сям’і, яны прынялі актыўны ўдзел у афармленні кветкавай клумбы і падкасілі зялёны газон на прылеглай да дому дваровай тэрыторыі. І гэты факт таксама не застаўся без ўвагі.
У сельгаспрадпрыемствах раёна ва ўнутрыкалектыўных конкурсах прынялі ўдзел 50 маладых сямейных пар.
Лепшы паказчык сярод арганізацый-удзельнікаў у КУВСП “Гарадзец” (13 сем’яў), дзе спецыялістам па рабоце з моладдзю Яўгенам Чысцяковым праведзена значная арганізацыйная работа. Актыўны ўдзел у конкурсе прадэманстравалі таксама прадстаўнікі ААТ “Даватарскі”, на тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства камісіяй абследаваны 11 маладзёжных падворкаў. Работу з моладдзю ў гаспадарцы ўзначальвае Марына Машнюк.
Цэлых 17 заяў ад маладых сем’яў накіравалі сельгаспрадпрыемствы для ўдзелу ў фінальнай стадыі конкурсу.
У склад судзейскай камісіі ўвайшлі прадстаўнікі ад арганізацый, па ініцыятыве якіх праводзіўся конкурс. Ганаровым членам журы стала таксама Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская — заслужаны работнік сістэмы адукацыі і актыўны ўдзельнік раённага Савета ветэранаў. Пры ацэньванні падворкаў суддзі былі прыемна здзіўлены створанымі ў нашым раёне сапраўднымі шэдэўрамі маладзёжнай творчасці.
Практычна ў кожным куточку Шаркаўшчынскага краю мы знаходзілі ўтульныя дворыкі, дзівосныя кветкавыя кампазіцыі, мініяцюрныя сады, жывыя фантаны са светамузычнай падсветкай. А таксама сапраўдныя заапаркі, у якіх жывуць па-суседску лебедзі і рысі, малпы і леапарды, вавёркі, папугаі і зубры.Да іх нават можна было дакрануцца,бо зробленыя яны… з пенапласту і гіпсу, іншых падручных матэрыялаў.
А самае галоўнае, разам з гэтымі казачнымі персанажамі, якія вельмі падабаюцца дзецям, парадавалі нас маладыя вясковыя жыхары наяўнасцю разнастайнай жыўнасці на сваіх падворках. Самыя распаўсюджаныя віды — гэта куры, гусі, трусы, козы, а ў тых , хто набліжаецца да мяжы маладзёжнага ўзросту, гадуюцца больш сур’ёзныя прадстаўнікі жывёльнага свету — каровы і свінні. І ведаеце, хапае часу ў нашых маладых сем’яў — гэтых сапраўдных гаспадароў жыцця — і жывёлу ўтрымліваць у парадку, і незвычайную прыгажосць вакол дома стварыць, а самае галоўнае, дзетак сваіх усяму навучыць з дапамогай асабістага прыкладу. Менавіта праца — самы галоўны выхавальнік.
Цікавы творчы сямейны саюз атрымаўся ў прадстаўнікоў сферы культуры

і сельскай гаспадаркі. Так у сям’і Сухоўскіх з аграгарадка Наваселле Людміла — харэограф, Леанід — інжынер-энергетык. Зазірнуўшы да іх на падвор’е, можна з упэўненасцю сказаць: толькі іх узаемнае каханне дапамагло стварыць такую прыгажосць. У доме гэтай сямейнай пары можна ўбачыць нават электрычны інкубатар для вырошчвання куранят.
Іх суседзі Андрэй і Алёна Сухаверскія таксама ў лідарах па энтузіязму і арыгінальнасці ў афармленні свайго сямейнага куточка. Андрэй працуе вадзіцелем “Агратэхсэрвіса”, Алёна — метадыст аддзела культуры.
Пра сям’ю Аляксандра Кезіка — галоўнага заатэхніка КУВСП “Гарадзец” і Кацярыны Кезік — мастацкага кіраўніка Верацееўскага цэнтра культуры і адпачынку, якія сталі прызёрамі абласнога конкурсу “Уладар сяла”, раёнка ўжо пісала. Гэта сямейная пара таксама выдатны ўзор для пераймання.
Не адстаюць ад іх Віктар і Вольга Красавіны з Гарадца, Дзмітрый Ярмош і Вераніка Мацвеева, якія прадставілі КУВСП “Гарадзец” і райспажыўтаварыства.
Лепшымі прадстаўнікамі Германавіцкай зоны стала сям’я Святланы Рубніковіч, якая працуе загадчыцай фермы ў ААТ “Княж”. Яе муж Валерый — ахоўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі. Адметныя рысы гэтага сямейнага дуэта — імкненне да творчасці і працавітасць.
Самых лепшых слоў у свой адрас заслугоўваюць маладыя сем’і Анжэлы і Дзмітрыя Ананічаў, Дзіяны і Івана Молакавых з аграгарадкоў Васюкі і Більдзюгі, Валянціны і Андрэя Постных, якія пражываюць у Іёдах, Алены і Пятра Смерцьевых — жыхароў аграгарадка Шыці, Вольгі і Аляксандра Рамановічаў з Радзюкоў.
Гэтыя неардынарныя людзі — сапраўдная маладзёжная сямейная эліта сяла.
Заўсёды патрабавальны ў сваіх адзнаках старшыня раённага выканаўчага камітэта Мечыслаў Віктаравіч Морхат ацаніў па заслугах лепшыя маладзёжныя падворкі і падтрымаў хадайніцтва аддзела па справах моладзі — узнагародзіў лепшыя сем’і Ганаровай граматай райвыканкама і, (што немалаважна) сур’ёзнымі “жывымі” прызамі.
Зараз падворкі лепшых маладых сем’яў раёна папоўніліся цялятамі і парасятамі.
Завяршыць гэты артыкул хачу жартоўнымі пажаданнямі, якія пад акампанемент баяна гучалі ў час конкурсу ў выкананні суправаджаючай судзейскую калегію музычнай групы раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.
Паважаныя ўдзельнікі конкурсу!
Кахання вам вечнага,
Шчасця чалавечага,
Каб ніўка радзіла,
У хляве скацінка хадзіла.
Каб у вас вяліся куры,
Каб вяліся петухі,
Звонкі песні вам спявалі,
Па два яйкі ў дзень няслі
Кожная, а пятух — чатыры!
Творчых поспехаў, сапраўдных шэдэўраў і прыгожага батанічнага саду вам на вашых утульных падворках.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.
