Свой юбілей адсвяткавала Яніна Іосіфаўна Курыловіч

Актуальное

244У некалі вялікай вёсцы Кусні Станіславоўскага сельсавета пражывала раней многа людзей. Цяпер населены пункт амаль абязлюдзеў — моладзь перабралася жыць у гарады, а пажылых становіцца з кожным годам меней.

На стромкім беразе Дзісны, у зацені дрэў, стаіць сядзіба, у якой гаспадарыць Яніна Іосіфаўна Курыловіч. Жанчына ў адзін з пагодных дзён завіхалася каля кветнікаў. Мы, зайшоўшы ў падворак, убачылі вялікае мноства разнастайных красак: бархатцы, гваздзікі, астры, ружы — усё навокал цвіло, разносячы прыемныя водар і пах.

— Здароўе, на жаль, не дазваляе, як раней, апрацоўваць вялікі надзел зямлі, — кажа Яніна Іосіфаўна. — А вось разводзіць і даглядаць за кветкамі яшчэ я ў стане. Трэба ж, каб было прыгожа і радавала вока.

Мы разам з жанчынай прыселі на лаўку побач з домам і пагутарылі пра яе жыццёвы шлях.

— Нарадзілася ў вёсцы Станіславова, — працягвае наша суразмоўца, — пасля школы вучылася ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым саўгасе-тэхнікуме. Але вось працаваць па спецыяльнасці не ўдалося. Адразу пасля заканчэння навучальнай установы ўладкавалася на пасаду бухгалтара ў Станіславоўскі сельсавет, дзе і адпрацавала да самай пенсіі.

Работа гэта мне падабалася, а спраўляцца з цяжкасцямі дапамагалі калегі — Марыя Пятроўна Марцынкевіч, Часлаў Уладзіміравіч Курыловіч, якія ў розныя гады з’яўляліся старшынямі сельскага Савета, сакратар Валянціна Фёдараўна Жук.

Шмат часу прайшло з той пары, ужо дваццаць год знаходжуся на заслужаным адпачынку. Шаснаццаты год пайшоў, як не стала майго спадарожніка жыцця — мужа Рамана. Шчыраваў ён на аўтамабілі ў мясцовым калгасе “Шлях Леніна”, быў добрасумленным работнікам і паважаным чалавекам. На жаль, не вытрымала сэрца — памёр на рабоце. Разам з ім мы выгадавалі дваіх дзяцей. Дачка Алёна пражывае ў Шаркаўшчыне, а сын Віктар у Станіславове. Прыемна, калі яны разам са сваімі дзецьмі прыязджаюць у бацькоўскую хату. І мне на сэрцы радасна становіцца, і ім падабаецца быць у родных мясцінах, дзе нарадзіліся, выраслі і адкуль пайшлі ў самастойнае жыццё.

На развітанне мы павіншавалі Яніну Іосіфаўну з 75-годдзем, пажадалі, каб шчырая ўсмешка яшчэ доўгія гады зіхацела на яе твары, а родныя сэрцу людзі радавалі, былі побач, як і ў дзень юбілею.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *