Чалавек і яго справа: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шаркаўшчынскай СШ № 2 Людміла Палікарпаўна Сцяпанава

Молодежь

85У школьным жыцці ў наш час мяняецца ўсё: міністры, дырэктары, праграмы, назвы, стандарты, правілы, экзамены і нават дзеці. І толькі паняцце “добры настаўнік” застаецца нязменным. Некаторыя педагогі не адно дзесяцігоддзе працуюць у школе, у іх розныя лёсы, яны выкладаюць розныя прадметы і маюць свой асаблівы і непадобны на іншых вопыт работы з дзецьмі. Але напярэдадні Дня настаўніка на пытанне “Якія самыя галоўныя якасці педагога вы можаце назваць?” усе адказалі прыблізна аднолькава — цярпенне і ўменне зразумець іншага чалавека.

— А яшчэ, каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць тых, каго вучыш і той прадмет, які выкладаеш, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2, настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Палікарпаўна Сцяпанава. Яе педагагічны стаж налічвае 23 гады.

Людміла Палікарпаўна пачынала сваю працоўную дзейнасць у Болкалаўскай базавай школе старшай піянерважатай. У 1994 годзе закончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава па спецыяльнасці руская мова і літаратура. У якасці настаўніцы прыехала ў Беладворскую базавую школу, дзе дырэктарам быў Станіслаў Іванавіч Лагун. І вось ужо 21 год працуе ў сярэдняй школе № 2 настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З 2008 года з’яўляецца намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

— Расла ў такі час, калі ўсе дзяўчынкі і хлопчыкі марылі стаць настаўнікамі, урачамі, ваеннымі і касманаўтамі, — адзначыла Людміла Палікарпаўна. — Я заўсёды, з самага ранняга дзяцінства, хацела быць настаўніцай і сёння, праз два дзясяткі гадоў працы ў школе, не ўяўляю сабе іншага жыцця.Чаму я настаўніца? Я проста люблю сваю работу. Заўсёды старалася прытрымлівацца прынцыпу: не нарабіць шкоды вучням, зрабіць усё ад мяне залежнае, каб даць ім трывалыя веды, каб з самага ранняга ўзросту яны адчувалі сябе асобамі, не ўшчамляць іх годнасці, не прыніжаць. У дзяцей асаблівая інтуіцыя. І вучацца яны з захапленнем у таго настаўніка, якому работа таксама прыносіць задавальненне, які “жыве” ў сваёй прафесіі, добра разумее сваіх вучняў і ў душы, колькі б яму не было год, заўсёды застаецца маладым. Таму і немагчыма быць настаўнікам з панядзелка да суботы і толькі на школьных уроках. Любіць сваіх вучняў, быць уважлівым да кожнага, умець падтрымаць у цяжкую хвіліну — усё гэта магчыма толькі па закліку сэрца. Маімі настаўнікамі па жыцці сталі настаўнікі славеснасці Савелій Васільевіч Цыркін і Галіна Іванаўна Сікора, мае калегі-кіраўнікі Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, Вера Пятроўна Татаровіч, Алеся Іванаўна Сікора, Іна Васільеўна Прыходзька, Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, класны кіраўнік Тамара Рафаілаўна Бука і першая настаўніца Таццяна Ільінішна Крапошына (яе ўжо, на жаль, няма ў жывых),  педагогі-ветэраны, з якімі працавала на працягу многіх гадоў. Я вельмі ўдзячная ўсім гэтым людзям.

У нашай Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2 зараз працуюць 39 настаўнікаў, сярод іх і вопытныя, таленавітыя педагогі, у якіх ёсць чаму павучыцца, і маладыя, эрудыраваныя, энергічныя людзі, якія прыўносяць у наша школьнае жыццё шэраг новых ідэй. У 2014 годзе Шаркаўшчынская СШ № 2 адзначыла свой 25-гадовы юбілей. За 26 гадоў школу закончылі 1053 выпускнікі, 34 з іх — з залатым медалём, 25 — з сярэбраным.

“Вся гордость учителя — в учениках, в росте посеянных им семян», адзначыў адзін з самых вядомых у свеце вучоных-хімікаў Д. І. Мендзялееў. Вось і ўсе нашы настаўнікі поспехам сваіх вучняў радуюцца як асабістым.

За перыяд работы ў сярэдняй школе № 2 я падрыхтавала 16 пераможцаў другога (раённага) этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. З асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю сёння сваіх “зорачак”: Ксенію Шудзель — выпускніцу 2008 года і Ірыну Мікулан — выпускніцу 2015 года, якія заваявалі дыпломы 3-й ступені на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Нам, педагогам, вельмі прыемна, калі нашы выпускнікі вяртаюцца ў родную школу ў якасці настаўнікаў. Так маімі калегамі сталі творчыя і крэатыўныя Аксана Леанідаўна Цярэшка і Ірына Альфонсаўна Цыунэль.

Больш за ўсё хочацца, каб кожны з нашых вучняў знайшоў сваё месца ў жыцці, правільна выбраў прафесію, стаў дастойным і шчаслівым чалавекам. І нам вельмі радасна, калі нашы выпускнікі нас не забываюць, вяртаюцца, прыходзяць у родную школу, тэлефануюць, цікавяцца нашымі справамі, віншуюць са святамі і, ужо стаўшы дарослымі людзьмі і бацькамі, прыводзяць да нас у школу сваіх дзяцей.

Са святам вас, паважаныя настаўнікі! Моцнага вам здароўя, шчасця, бадзёрасці, аптымізму, задавальнення ад абранай прафесіі і цярпення. Няхай заўсёды атрымліваецца ажыццяўляць усё задуманае, дабрабыту вам і поспехаў ва ўсіх справах!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *