Па жыцці ў згодзе і з жартамі ідуць залатыя юбіляры Арсеній Архіпавіч і Вера Савельеўна Захаравы

Актуальное

Ідзе жыццё сваім няспынным ходам. Вось, здаецца, нядаўна толькі перасялілася маладая сям’я Захаравых з толькі народжанай дачкой Таццянай ў Шаркаўшчыну. Выдзелілі ім новы дом па вуліцы Ціміразева, які ў той час стаяў адзін, — не было яшчэ ні будынку ДРБУ-131, ні шматпавярховікаў. А цяпер, 23 лістапада, залатое вяселле адсвяткавалі.
— Вой, даўно гэта было, — адказвае Арсеній Архіпавіч, калі пытаюся ў яго пра першае знаёмства, і смяецца далей. — Яна да мяне сама ў рукі прыйшла — жыла ў майго дзядзькі на кватэры, калі працавала ў маладосці загадчыцай клуба ў Лонскіх, а я непадалёк у Зяблінах жыў, прыходзіў да яго ў часта ў госці. Пазнаёміліся, кахаліся, а тады і вяселле згулялі.
У Шаркаўшчыне Арсеній Архіпавіч усё жыццё адпрацаваў на будаўнічых работах у ДРБУ-131, Вера Савельеўна была галоўным бухгалтарам у гарсавеце. А пайшоўшы на пенсію, з 1998 года стала выконваць абавязкі адказнага сакратара раённага савета ветэранаў. Ну і канешне, ёсць у іх уласная гаспадарка, агарод. Бо хоць дзве дочкі ўжо і дарослыя, маюць свае сем’і, а ўсё ж роўна бацькі хочуць дапамагчы.
— Бывае і пасварымся, як жа без гэтага, — расказвае Вера Савельеўна пра сямейнае жыццё. — То я святло ў хляве не выключу, то ён  дзверы не зачыніць, прычына ж заўсёды знойдзецца, каб пабурчаць адно на аднаго. Ну а такіх сварак, каб пасля іх паасобку спалі, у нас не было.
— У нас хата вялікая, халаднаватая, таму не выходзіць паасобку спаць, замерзнеш, — са смехам гаворыць Арсеній Архіпавіч і дадае сур’ёзна: — Галоўнае ў сямейным жыцці — умець дараваць адно аднаму.
Ну а яшчэ адзін сакрэт — гэта ўжо маё ўласнае назіранне — ў пачуцці гумару, уласцівым юбілярам, асабліва Арсенію Архіпавічу. Яно і праўда, па жыцці лепей ісці з жартам.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *