29 лістапада адбылася вучоба з маладымі спецыялістамі, уключанымі ў перспектыўны кадравы рэзерв

Актуальное

29 лістапада ў вялікай зале Дома Саветаў у чарговы раз была праведзена вучоба са спецыялістамі, уключанымі ў перспектыўны кадравы рэзерв на замяшчэнне кіруючых пасад. Усе запрошаныя на сустрэчу — маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, маюць арганізатарскія і лідарскія рысы характару, здольныя да кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Зараз гэтыя юнакі і дзяўчаты задзейнічаны ў розных сферах дзейнасці: адукацыі і культуры, аграпрамысловым комплексе і маладзёжных аб’яднаннях, іншых арганізацыях і прадпрыемствах раёна.
Напачатку мерапрыемства маладыя людзі з задавальненнем паглядзелі фільм, у якім яскрава адлюстравана сучаснасць Шаркаўшчынскага краю і яго перспектывы на будучыню.
З найлепшымі пажаданнямі да прадстаўнікоў маладога пакалення звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Ён падрабязна расказаў моладзі пра сённяшнія справы працаўнікоў краю, пра поспехі і дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, пра планы на будучыню і перспектывы развіцця тых інавацыйных праектаў, якія распрацаваны для рэалізацыі на тэрыторыі нашага рэгіёна. У час свайго выступлення Мікалай Ірынархавіч адзначыў, што маладым людзям трэба расці прафесійна і набірацца вопыту, больш актыўна праяўляць сваю ініцыятыву, бо менавіта сённяшнія юнакі і дзяўчаты праз некаторы час будуць узначальваць арганізацыі і распрацоўваць новыя тэхналогіі, прымаць адказныя рашэнні і вызначаць, у якім накірунку будзе развівацца наш рэгіён у далейшым.
Пра рэалізацыю Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады паведаміў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва Мікалай Валянцінавіч Манкевіч. У нашым рэгіёне, на жаль, назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці жыхароў, і прычыны гэтаму розныя. Асноўныя з іх — невысокі працэнт нараджальнасці і змяншэнне колькасці жыхароў дзетароднага ўзросту, старэнне значнай часткі насельніцтва раёна. Каб выправіць сітуацыю, распрацаваны шэраг праграм, згодна з якімі працуюць усе арганізацыі і службы. Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы маладых сем’яў, неабходная сацыяльная і медыцынская дапамога аказваецца пажылым жыхарам. Як адзначыў Мікалай Валянцінавіч, праблемай № 1 у нашым грамадстве па-ранейшаму застаецца тэма п’янства, бо асноўная частка траўм і няшчасных выпадкаў (у тым ліку і са смяротным зыходам) адбываецца па віне асоб, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. Працягам гэтай тэмы стала выступленне начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Валянціны Вільгельмаўны Клімза, якая нагадала прысутным пра рэалізацыю патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванню  грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Начальнік аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Міхайлавіч Протас паведаміў маладым спецыялістам пра сітуацыю на дарогах краіны  і нагадаў ім асноўныя правілы, якіх павінны прытрымлівацца ўсе ўдзельнікі дарожнага руху — і вадзіцелі, і пешаходы.
Апошнім этапам мерапрыемства стала дзелавая гульня, якую з юнакамі і дзяўчатамі — кадравым патэнцыялам раёна — правёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама (у той час) Юрый Анатольевіч Васілеўскі. У момант гульні маладыя людзі прадэманстравалі сваю эрудыцыю, знаходлівасць, лідарскія здольнасці і ўменне браць на сябе адказнасць за агульную справу.
Аналагічныя сустрэчы са спецыялістамі, уключанымі ў перспектыўны кадравы рэзерв, будуць праводзіцца і надалей. Іх мэта — падрыхтоўка кампетэнтных і адказных маладых людзей для работы  на кіруючых пасадах.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *