Таленты зямлі Шаркаўшчынскай. Пра самабытнага музыку з Каўшэлева Генадзя Мацвеевіча Адамёнка расказвае

Актуальное

Генадзь Мацвеевіч са сваім сынам Леанідам

Завочна з Генадзем Мацвеевічам Адамёнкам знаёмы даўно. Упершыню давялося пачуць яго выступленне ў ансамблі “Купалінка” на свяце “Яблычны спас” у Алашках.
Справа ў тым, што я цікаўлюся даўнейшай народнай музыкай. А яе пачуць цяпер можна зрэдку па радыё або па тэлебачанні. Адыходзіць яна з нашага быту: з вяселляў ды вечарын. З усіх народных інструментаў, вядома ж, скрыпка найбольш кранае і “бярэ за душу”.
Ішоў час, а жаданне пачуць майстра ўсё мацнела. І вось доўгачаканая сустрэча ў Міёрах. Сюды Генадзь Мацвеевіч прыязджае на зіму да сваёй дачкі, а летам яшчэ сам упраўляецца ў родным Каўшэлеве.
Мяне сустрэў яшчэ жвавы дзядок, а пасля размовы я зрабіў выснову, што моцным і бадзёрым яго робіць скрыпка. Аб гэтым сведчыць ігра, якая заварожвае так, што сапраўды інструмент пяе ў яго руках, а разам з ёй спявае душа. Слухаў яго музыку і справядліва параўноўваў яго з Коласавым “Сымонам-музыкам”.
А пачалося ўсё ў Г. М. Адамёнка ў далёкім дзяцінстве. Калі хадзіў на вечарыны, то любіў слухаць музыкантаў. З усіх інструментаў найбольш яму спадабалася скрыпка. Першыя ўрокі ігры атрымаў ад свайго польскага настаўніка. Дарэчы, і ад іншых старажылаў чуў, што ўсе польскія настаўнікі ўмелі граць на скрыпцы. Далей вучыўся сам, як кажуць, “браў на слых”. Сталі запрашаць на вечарыны, вяселлі. Часта іграў з сынам Леанідам, баяністам. Асабліва шмат выступаў, калі пайшоў на пенсію. Іграў у складзе “Купалінкі” на раённых святах, з сынам на абласным конкурсе “Іграй, гармонік”, на пастаўскім свяце “Звіняць цымбалы і гармонік”. Генадзь Мацвеевіч прайшоў праз ваеннае ліхалецце, быў на фронце, у мірны час працаваў трактарыстам у калгасе. Толькі са скрыпкай ніколі не развітваўся.
З-пад яго смычка аднолькава меладычна льюцца “Залатыя горы” і “Паланэз”, “Развітанне славянкі” і “Лявоніха”. І любую мелодыю ён іграе без падрыхтоўкі. Ды як іграе! Слоў не хапае, каб апісаць.
На маю думку, так пранікнёна, таленавіта і ад усяго сэрца музычны твор можа выканаць толькі сапраўдны майстар, якім і з’яўляецца Генадзь Мацвеевіч.
Хочацца павіншаваць самабытнага выканаўцу з днём нараджэння. 10 снежня яму спаўняецца 88 год. Здароўя Вам, аптымізму і ўдзячных прыхільнікаў музычнага таленту.
І. КВАЧ,
вёска Жукоўшчына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *