У мінулую суботу, 8 кастрычніка, у горадзе Сянно адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2016”. Эстафета яго правядзення была перададзена з горада Талачын, дзе хлебаробаў Віцебскай вобласці ўшаноўвалі ў мінулым годзе. І хоць па папярэдніх прагнозах надвор’е абяцала быць пахмурным і дажджлівым, тым не менш, перад пачаткам свята ярка засвяціла сонца, ствараючы гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства бадзёры настрой.
Дэлегацыі раёнаў прыбывалі ў вызначаны час. Калону з аўтобусаў заходніх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, у якой рухаліся і шаркаўчане, арганізатары свята сустрэлі хлебам-соллю на мяжы Сенненскага раёна і гасцінна запрасілі да сябе на фестываль.
Пачалося свята з ускладання вянкоў і кветак да помніка воінам-вызваліцелям у гарадскім скверы. Пасля прайшло тэатралізаванае прадстаўленне “Вытокі сімвалаў краіны”. З гісторыі вядома, што на Сенненшчыне нарадзілася Матрона Маркевіч, якая з’яўляецца аўтарам арнаменту на дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Гэта было адлюстравана ў адным з нумароў, дзе майстры дамоў рамёстваў Віцебшчыны падрыхтавалі палотны-вышыванкі ў падарунак Сенненскаму раёну.
А дванаццатай гадзіне ў небе над гарадскім стадыёнам прайшоў паказальны палёт экіпажа верталёта Мі-8 Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Лётчыкі прадэманстравалі бліскучае выкананне элементаў вышэйшага пілатажу, а выратавальнікі ажыццявілі дэсанціраванне на поле стадыёна. Пасля дэлегацыі раёнаў вобласці ўрачыстым шэсцем рушылі са стадыёна па адной з цэнтральных вуліц Сянна на гарадскую плошчу. Пад барабанны дробат дзяўчат-удзельніц ансамбля барабаншчыц сярэдняй школы № 2 нашага гарадскога пасёлка са святочным і ўзнёслым настроем крочылі і шаркаўчане. Наш раён прадставілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, намеснікі старшыні райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, Юрый Анатольевіч Васілеўскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Іванавіч Зубовіч, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і перадавікі сельгасвытворчасці — героі ўборачнай кампаніі 2016 года.
На галоўнай фестывальнай пляцоўцы ўсіх прысутных вітаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў.
— Сёлета аграрыі Віцебшчыны намалацілі 880 тысяч тон зерня, — сказаў губернатар, — гэта 61 працэнт да ўзроўню мінулага года. Прычынай у недабору ўраджаю стала дрэннае надвор’е. Пры запозненых тэрмінах ішла сяўба яравых культур з-за вельмі пераўвільготненай глебы. Па гэтай жа прычыне і ўборачная кампанія стала самай сапраўднай бітвай за ўраджай. У той час, калі летась у вобласці былі тры раёны, якія па намалотах пераўзышлі 100-тысячны рубеж, сёлета гэту высокую планку пераадолелі толькі аршанцы. Яны адправілі ў дзяржаўныя засекі 101, 3 тысяч тон зерня. Лідарамі па ўраджайнасці сталі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Ларыонаўка” Аршанскага раёна, дзе на круг атрымалі 60,9 цэнтнераў з гектара і адкрытае акцыянернае таварыства “Хацілы-Агра” Пастаўскага раёна з паказчыкам 55 цэнтнераў з гектара. У 2016 годзе ў вобласці сабраны самы вялікі ўраджай бульбы, у сярэднім 300 цэнтнераў з гектара. Зімова-стойлавы перыяд сельгаспрадпрыемствы Віцебшчыны павінны правесці без асаблівых цяжкасцей. Гэтаму паспрыяла нарыхтаваная багатая кармавая база. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана больш 25 цэнтнераў кармавых адзінак.
Пасля адбылася цырымонія ўшанавання перадавікоў сельгасвытворчасці. Старшыня аблвыканкама ўзнагародзіў герояў жніва грашовымі прэміямі, ганаровымі граматамі і дыпломамі. Лепшыя сельгаспрадпрыемствы і хлебаробы ў якасці падарунка атрымалі легкавыя аўтамабілі і сельскагаспадарчую тэхніку.
На абласных дажынках прысутнічалі дэлегацыі расійскіх абласцей — Пскоўскай, Цвярской, Смаленскай і Бранскай. У складзе апошняй прысутнічаў і дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай федэрацыі Мікалай Валуеў. Спартсмен і парламентарый застаўся задаволены беларускай гасціннасцю. А яшчэ Мікалаю Валуеву даспадобы прыйшліся шматлікія пачастункі на гасцінных падворках, але асабліва жытнёвы хлеб.
— Як і заведзена ў нашых брацкіх народаў, усіх сяброў і гасцей тут сустракаюць хлебам-соллю, — зазначыў Мікалай Валуеў, — гэта найлепшы доказ нашага ўзаемнага шматвекавога сяброўства.
На свяце прысутнічаў і залаты прызёр Паралімпіяды-2016 — фехтавальшчык з Полацка Андрэй Праневіч. Алімпійскі чэмпіён уручыў Мікалаю Шарстнёву мініяцюру статуі Ісуса Хрыста ў Рыа-дэ-Жанэйра і “залатую” шпагу, якая прынесла Андрэю Праневічу перамогу на Паралімпіядзе.
Як і кожны год, у свяце “Дажынак” удзельнічае і Шаркаўшчынскі кансервавы завод. Сёлета яго работнікі прывезлі на фестываль вялікі асартымент харчовай прадукцыі на любы густ. Чарга пакупнікоў каля шаркаўшчынскай гандлёвай палаткі на працягу ўсёй суботы была вялікай, нават нягледзячы на тое, што гасцінны падворак шаркаўчан размяшчаўся на самым ускрайку вуліцы. За музычнае суправаджэнне тут адказвалі работнікі Лужкаўскага сельскага Дома культуры.
Для таго, каб з годнасцю сустрэць гасцей такога буйнога сельскагаспадарчага форума, сёлета ў Сянне былі пабудаваныя і адрамантаваныя больш за 180 аб’ектаў. Пасля рэканструкцыі здадзены ў эксплуатацыю сучасны фізкультурна-спартыўны комплекс, пабудаваны шыкоўны палац святочных абрадаў. Набылі сучаснае аблічча раённы Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, гісторыка-краязнаўчы музей. Адрамантаваныя цэнтральная плошча, парк адпачынку і галоўныя вуліцы горада.
Любы, хто ў той дзень завітаў у фестывальнае Сянно, змог адчуць святочную атмасферу, цікава і з густам правесці свой выхадны дзень. На ўсіх цэнтральных пляцоўках горада праводзіліся самыя разнастайныя мерапрыемствы: для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця — спаборніцтвы па рэгбі, для тых, хто любіць відовішчы, супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС дэманстравалі майстэрства і спрыт пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, а тыя, хто не баіцца вышыні і экстрымальных палётаў на верталёце, з ахвотай узляталі ў неба над горадам на вінтакрылай машыне.
Вечаровае сонца павольна хавала свае промні за небасхіл, але музыка і песні яшчэ доўга гучалі на прасторных вуліцах і скверах горада. Завяршылася свята залпамі рознакаляровых яркіх салютаў. Гасціннае Сянно развіталася з фестывалем і перадало эстафету гораду Дуброўна, дзе роўна праз год пройдзе чарговы фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла Віцебскай вобласці “Дажынкі-2017”.
На свяце пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.



















































