
Ткацтва — адзін з самых пашыраных відаў беларускага народнага мастацтва. Яшчэ зусім нядаўна ўменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі, і нездарма асноўную частку пасагу сельскай дзяўчыны, што выходзіла замуж, павінны былі складаць тканыя вырабы: адзенне, пасцель, ручнікі, абрусы, паясы і іншае. З ткацтвам звязана шмат старадаўніх народных звычаяў і абрадаў, вельмі часта яно згадваецца ў беларускіх народных песнях.
“Не ўважай, Ясеньку, каб была росла,
Сам глядзі, у людзей пытай, ці ўмее ткаць кросны.
Не глядзі, Ясю, ці ў пацерках шыя,
Сам глядзі, у людзей пытай, ці кашулю ўшые”, —
раілі хлопцу, як трэба выбіраць сабе жонку.
Сёння, калі мы карыстаемся разнастайнымі тканінамі прамысловай

вытворчасці, ткацтва перастала быць масавым заняткам. Кросны, якія раней стаялі амаль у кожнай хаце, зараз можна бачыць толькі ў музеях, а навучыцца гэтай справе — у майстэрнях дамоў рамёстваў. Праўда, у шафах людзей старэйшага ўзросту яшчэ захоўваюцца посцілкі і дываны, ходнікі, вытканыя іх матулямі і бабулямі, і чакаюць яны лепшых часоў, калі могуць быць запатрабаванымі.
З мэтай папулярызацыі ткацтва, прыцягнення цікаўнасці да гэтага рамяства як дарослых, так і дзяцей, асвятлення сучаснага стану авалодання практыкай стварэння тканых рэчаў на Віцебшчыне, у рамках свята горада Лепеля ў кастрычніку праводзіўся абласны агляд-конкурс ткацтва “Матчыны кросны”. У гэтым спаборніцтве прадстаўлялі наш раён ткачыхі Анна Рымдзёнак і Анна Загорская з Германавіч.
Конкурс праводзіўся ў наступных намінацыях:
— ткацтва ручнікоў;
— ткацтва посцілак;
— ткацтва ходнікаў;
— творчы дэбют;
— габелен.
Кампетэнтнае журы ацэньвала працу майстроў, якія шчыравалі на працягу трох гадзін, і іх хатнія калекцыі. У выніку ў намінацыі ткацтва посцілкі Анна Рымдзёнак заняла першае месца ў вобласці і была ўзнагароджана дыпломам і каштоўным падарункам.
Анна Загорская атрымала дыплом за ўдзел у конкурсе.
У той час, пакуль ткачыхі стваралі свае непаўторныя рэчы, наведвальнікі свята мелі магчымасць паглядзець выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, прыняць удзел у гульнева-забаўляльнай праграме, наведаць кірмаш твораў майстроў народнай творчасці і мастакоў.
В. ДУБОЎСКАЯ,
дырэктар раённага народнага цэнтра рамёстваў
