Пра маладзёжную палітыку ў Шаркаўшчынскай ЦРБ расказвае спецыяліст па рабоце з моладдзю Юлія Лук’янёнак

Актуальное

110Пра сучасную моладзь можна пачуць розныя меркаванні. І тым не менш, заўсёды прыемнае ўражанне пакідаюць ініцыятыўныя і актыўныя маладыя спецыялісты, якія глядзяць на свет без лішніх ілюзій, а імкнуцца зрабіць усё магчымае для рэалізацыі сваіх планаў, жывуць з энтузіязмам, жаданнем працаваць і дасягаюць вяршынь у сваёй прафесіі.

У ліку такіх маладых людзей Юлія Лук’янёнак — бухгалтар установы аховы здароўя “Шаркаўшчынская цэнтральная раённая бальніца”. У калектыве медыкаў дзяўчына працуе на працягу апошніх 5 гадоў. Акрамя выканання сваіх асноўных працоўных абавязкаў, Юлія з’яўляецца спецыялістам па рабоце з моладдзю і сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, захапляецца спортам, а яшчэ ўзначальвае Маладзёжны савет раённай федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

— Не сакрэт, што прыходзячы на новае, а тым больш сваё першае працоўнае месца, малады чалавек адчувае складанасці з адаптацыяй у калектыве — адзначыла падчас нашай размовы Юлія Лук’янёнак. — Таму ў нашай арганізацыі рабоце з моладдзю надаецца асаблівая ўвага. На сённяшні дзень звыш 50 спецыялістаў і работнікаў Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы складае моладзь ва ўзросце да 31 года. Разам з адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам імкнёмся зрабіць жыццё нашай моладзі максімальна цікавым і карысным для здароўя, прымаем самы актыўны ўдзел у розных культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. На працягу апошніх трох гадоў прадстаўнікі Шаркаўшчынскай ЦРБ станавіліся пераможцамі раённага конкурсу на лепшую пастаноўку работы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі сярод працоўных калектываў гарадскога пасёлка. Так у 2016 годзе ў музычным конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў” першае месца заваявала Святлана Машнюк. На раённым этапе інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг” першае месца сярод арганізацый райцэнтра таксама ў каманды медыкаў. Падчас святкавання Масленіцы ў конкурсе “Міс вясна” заваявала Надзея Столяр, а сярод шаркаўшчынскіх купалінак на раённым свяце “Купалле” лепшай была прызнана Ірына Малыш. Каманда медыкаў у гэтым годзе стала пераможцай раённага велапрабегу і раённага турыстычнага злёту (разам з прадстаўнікамі Шаркаўшчынскага РАНС). На рахунку шаркаўшчынскіх медработнікаў — шэраг іншых перамог. У ліку нашых добрых традыцый — цікавая конкурсная праграма “Пасвячэнне ў прафесію”, якая кожны год праводзіцца ў працоўным калектыве і дазваляе маладым медыкам бліжэй пазнаёміцца са сваімі калегамі. У паліклінічным аддзяленні працуе лячэбна-фізкультурны кабінет з сілавымі трэнажорамі, бегавой дарожкай, неабходным спартыўным інвентаром.

У ліку найбольш актыўных, ініцыятыўных і творчых маладых людзей нашай медустановы хачу назваць Галіну Ласоўскую, Святлану Машнюк, Надзею Столяр, Маргарыту Даргель, Таццяну Прыстаўка, Крысціну Чарняўскую, Марыну Ісаковіч, некаторых іншых прадстаўнікоў калектыву, з дапамогай якіх на належным узроўні можна арганізаваць любое свята ці ўрачыстасць.

Нашы маладыя спецыялісты на многае здольныя, але ўсё ж ім, учарашнім студэнтам, практычных навыкаў часта не хапае. А таму па іх просьбе шчырыя словы ўдзячнасці хачу выказаць у адрас усіх нашых вопытных калег, урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу, асабліва адміністрацыі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, а менавіта Станіславу Тадэвушавічу Стоме, Валянціне Уладзіміраўне Хаданёнак, Вользе Паісьеўне Крысікавай і Мікалаю Валянцінавічу Манкевічу, ад якіх мы заўсёды адчуваем падтрымку. За ўдзел і перамогу ў раённых конкурсах і мерапрыемствах кіраўніцтва і прафкам ЦРБ імкнецца зрабіць усё магчымае, каб заахвоціць нашу творчую і таленавітую моладзь. А адным з найбольш значных стымулаў замацавання кадраў на сваіх працоўных месцах з’яўляецца прадастаўленне маладым медыкам службовага жылля, што ў наш час немалаважна.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *