Пра вынікі работы ў жывёлагадоўлі за 10 месяцаў 2016 года расказвае першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Юрый Лабуць

Сельское хозяйство

76Шаркаўшчынскі раён характарызуецца як раён з інтэнсіўным развіццём жывёлагадоўлі. Гэта даволі складаная галіна сельскай гаспадаркі, якая патрабуе пільнай увагі, сур’ёзнай племянной працы, трывалай кармавой базы і высокай кваліфікацыі абслугоўваючага персаналу. Пра вынікі працы ў жывёлагадоўлі за 10 месяцаў бягучага года мы пагутарылі з першым намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Юрыем Георгіевічам Лабуцем.

— Юрый Георгіевіч, заўтра адзначаецца прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. З якімі паказчыкамі сустракаюць яго работнікі жывёлагадоўчай галіны раёна?

— За 10 месяцаў 2016 года вытворчасць буйной рагатай жывёлы да аналагічнага перыяду мінулага года забяспечылі ў ААТ “Даватарскі” на 103 працэнты, “Ельня-Агра” — на 106, “Васюкі” — 138 , “Буеўшчына” — 111, “Жвіранка” — 102 і КУВСП імя Маркава — 138 працэнтаў. Павялічана агульная колькасць пагалоўя кароў. Яна складае 8808, што на 261 галаву больш, чым за 10 месяцаў 2015 года. Нядрэнных вынікаў па прывагах (больш, чым 500 грамаў) на вырошчванні БРЖ маюць ААТ “Даватарскі”, “Ельня-Агра”, “Агратэхэрвіс”.

— Назавіце, калі ласка, нам прозвішчы лепшых жывёлаводаў па вырошчванні маладняка БРЖ?

— Гэта Валянціна Недзведзь і Міхаіл Лонскі з ААТ “Буеўшчына” з паказчыкамі 760 і 708 грамаў адпаведна. Алена Пучыла з ААТ “Ельня-Агра” з паказчыкам 598 грамаў.

— А цяпер звернемся да малака. На працягу года яго валавая вытворчасць павялічвалася да ўзроўню 2015 года. Якія гаспадаркі, малочнатаварныя комплексы і фермы спрацавалі ў гэтым накірунку найбольш эфектыўна?

— Вытворчасць малака з пачатку года па раёне склала 108 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Са станоўчага боку трэба адзначыць такія гаспадаркі, як ААТ “Даватарскі”, “Васюкі”, “Буеўшчына”, “Жвіранка”, “Агратэхсэрвіс”, КУВСП імя Маркава і “Гарадзец”. Значны рост вытворчасці малака адзначаецца на малочнатаварных комплексах, абсталяваных даільнымі заламі. У ААТ “Жвіранка” на даільнай зале № 1 яго вытворчасць склала 112 працэнтаў, на даільнай зале № 2 — 121 працэнт. У ААТ “Буеўшчына” на МТК “Варонка” вытворчасць малака склала 138 працэнтаў. У ААТ “Агратэхсэрвіс на МТК “Пашкі” — 118 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.

Прадукцыйнасць дойнага статка па раёне дасягнула 3210 кілаграмаў, што на 236 кілаграмаў больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Да пяцітысячнай мяжы па надоях малака набліжаюцца ў ААТ “Даватарскі”. Таварнасць малака на ўзроўні 90 працэнтаў забяспечана ў ААТ “Даватарскі”, “Ельня-Агра”, “Буеўшчына”.

— Назавіце, калі ласка, аператараў машыннага даення кароў, якія дасягнулі найбольшых вынікаў па надоях малака.

— Заўсёды на перадавых пазіцыях знаходзяцца даяркі з ААТ “Даватарскі” Надзея Бялова, Таццяна Каленцьева і Надзея Арлова з паказчыкамі 5578, 5452 і 5085 кілаграмаў малака на адну карову адпаведна. У Валянціны Рачыцкай з ААТ “Агратэхсэрвіс” гэты паказчык — 4301 кілаграм малака.

— Захаваннем эпізаатычнага стану, як вядома, займаюцца спецыялісты ветэрынарных служб. Раскажыце больш падрабязна пра некаторыя функцыі гэтых работнікаў.

— Праца спецыялістаў з дадзенай катэгорыі накіравана на папярэджванне хвароб і лячэнне жывёл, птушак, выпуск прадукцыі, бяспечнай у ветэрынарна-санітарных адносінах. Менавіта гэтым займаюцца работнікі раённай ветэрынарнай станцыі на чале з выконваючай абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача Рамуальдай Эдуардаўнай Вайцяховіч. У сельгаспрадпрыемствах працуюць такія вопытныя і прафесійныя ветурачы, як Ніна Кірылава (ААТ “Жвіранка”), Ала Баговіч (ААТ “Буеўшчына”), Святлана Ісаева (ААТ “Даватарскі”).

Нельга таксама не адзначыць уклад у станоўчыя вынікі працоўнай дзейнасці механікаў, лабарантаў, тэхнікаў-асемянатараў. Гэта Леакадзія Буда (ААТ “Ельня-Агра”), Таццяна Рудак і Алена Ілюковіч (ААТ “Даватарскі”), Святлана Райчонак (ААТ “Васюкі”) і іншыя.

Асабістых слоў удзячнасці заслугоўваюць тыя работнікі, хто пры любых умовах надвор’я, без выхадных дзён, працуе на палях і фермах. Сярод іх галоўны заатэхнік ААТ “Даватарскі” Аляксандр Шпец, галоўны заатэхнік КУВСП імя Маркава Ірына Іванова, заатэхнік-селекцыянер ААТ “Жвіранка” Ірына Катовіч, загадчыца фермы з гэтай жа гаспадаркі Вольга Усцінава, загадчыца МТФ “Ручэй” ААТ “Агратэхсэрвіс” Клаўдзія Бялевіч.

— Юрый Георгіевіч, якімі будуць вашы пажаданні сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?

— Жадаю ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу раёна працоўных поспехаў, жыццёвага аптымізму, сямейнага дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні!

— Вялікі дзякуй за размову! Са святам!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *