6-га снежня намеснік старшыні аблвыканкама Э. М. Дзям’янаў правёў абласную селектарную нараду па пытаннях, якія былі агучаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам у час наведвання Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Асноўная ўвага там была ўдзелена далейшаму развіццю жывёлагадоўчай галіны на аснове рэканструкцыі ферм і комплексаў, аснашчэнню іх неабходным абсталяваннем з улікам укаранення сучасных тэхналогій. На тэрыторыі вобласці 282 гаспадаркі, столькі ж ферм неабходна рэканструяваць. У залежнасці ад пагалоўя кароў (100, 200 і больш) зманціраваць малакаправоды, перасоўныя даільныя ўстаноўкі, халадзільнікі закрытага тыпу, выканаць неабходныя рамонтныя работы.
Адкуль браць сродкі? Адказ наступны. У асноўным разлічваць на ўласныя, магчыма будзе ажыццёўлена фінансавая дапамога з абласнога і раённых бюджэтаў. Свой уклад прапаноўваецца ўнесці і спонсарам (райспажыўтаварыствы, банкі, прадпрыемствы райцэнтра, прадпрымальнікі і г. д.).
Эдуард Міхайлавіч патрабаваў з кожнага раёна на працягу 2—3 дзён прадаставіць інфармацыю. У першую чаргу колькасць памяшканняў, дзе неабходна праводзіць рэканструкцыю на 2012—2015 гады, сабекошт рамонтных работ, фотаальбом і карту раёна з нанесенымі жывёлагадоўчымі аб’ектамі пад рэканструкцыю.
Даць прыблізныя разлікі для закупу цэменту, шыферу, піламатэрыялаў, уключыць у іх расходы на заработную плату і іншыя расходы.
У аснове ўсяго гэтага павінна ляжаць эканоміка. Якасць малака, яго класнасць, сярэднясутачныя прывагі, расход кармоў на цэнтнер прывагі. Падкрэслівалася таксама, што асноўныя аб’ёмы работ павінны выконвацца сіламі мясцовай будаўнічай арганізацыі, без прыцягнення брыгад з іншых рэгіёнаў краіны.
У час селектарнай нарады былі вызначаны пад рэканструкцыю жывёлагадоўчыя аб’екты раёна. Якія? Аб гэтым будзе паведамлена пасля некаторых удакладненняў і правядзення канкрэтных разлікаў.
Эдуард КОРСАК