У ААТ “Буеўшчына” прайшло свята ўраджаю

Актуальное

img_2470Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына” прайшло свята ўраджаю.

У пачатку афіцыйнай часткі дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатолій Ігнацьевіч Буда паведаміў прысутным некаторыя вынікі развіцця гаспадаркі за 10 месяцаў бягучага года. Так, за гэты перыяд валавая вытворчасць выпушчанай прадукцыі склала 93 працэнты да ўзроўню мінулага года. Зніжэнне тлумачыцца тым, што сёлета ў галіне раслінаводства недаатрымана значная колькасць зерня. Усяго намалочана 3.185 тон пры сярэдняй ураджайнасці 19,6 цэнтнера з гектара. Гэта 41 працэнт да 2015 года. Рапсу намалацілі 273 тоны пры ўраджайнасці 11,6 цэнтнера на круг ці 58 працэнтаў да мінулага года.

Тым не менш, сёлета закладзена трывалая кармавая база. Нарыхтавана 1.534 тоны сена — плюс 226 тон да 2015 года, 13.204 тоны сенажу — плюс 8.494 тоны да адпаведнага перыяду мінулага года.

Статак буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічвае 4.111 галоў — плюс 79 галоў да 2015 года. Кароў — 1.385, а гэта на 50 галоў больш, чым у мінулым годзе. Валавы надой малака за 10 месяцаў 2016 года склаў 4.420 тон — 120 працэнтаў да 2015 года. Сярэдні надой на адну карову таксама павялічыўся ў параўнанні з леташнім годам на 455 кілаграмаў і сёння складае 3.229 кілаграмаў малака. Дарэчы, на раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, ААТ “Буеўшчына” ўзнагароджана Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама за трэцяе месца па вытворчасці малака сярод гаспадарак раёна.

За 2016 год рэалізавана дзяржаве малака 4.205 тон ці 125 працэнтаў да мінулагодняга паказчыка. 61 працэнт прададзена сортам “экстра”, а гэта і з’яўляецца важкай грашовай падтрымкай для акцыянернага таварыства.

У гаспадарцы працуюць 234 чалавекі. Сярэдні заробак за 10 месяцаў склаў 337 рублёў. У параўнанні з мінулагоднім паказчыкам ён павялічыўся на 114 працэнтаў.

Анатолій Ігнацьевіч выказаў надзею, што ў будучым годзе, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, працоўны калектыў гаспадаркі зможа дасягнуць яшчэ больш значных вынікаў у сваёй рабоце. А ў якасці стымулу для далейшай плённай працы па рашэнні праўлення сельгаспрадпрыемства на ўрачыстасці былі ўручаны грашовыя прэміі перадавікам вытворчасці.

На свяце сярод запрошаных гасцей прысутнічала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома.

— Паважаныя работнікі ААТ “Буеўшчына”, прыміце мае самыя сардэчныя віншаванні з нагоды вашага прафесійнага свята, — сказала ў сваім выступленні Людміла Уладзіміраўна. — Ад усёй душы дзякую вам за разуменне і падтрымку, выказваю цвёрдую ўпэўненасць у зберажэнні працоўных і сяброўскіх адносін, якія склаліся ў нас з вамі. Няхай ваша праца заўжды ўзнагароджваецца багатымі ўраджаямі і дастойнымі вынікамі.

Да слоў віншавання вясковым працаўнікам далучылася таксама і дырэктар Іёдскай ДС-СШ Раіса Пятроўна Лагунёнак. Яна пажадала вяскоўцам плённай працы на карысць раёна і дзяржавы, трывалага здароўя і дабрабыту ў сем’ях. Анатолію Ігнацьевічу Раіса Пятроўна ўручыла невялікі падарунак у знак трывалага супрацоўніцтва і сяброўства паміж сельгаспрадпрыемствам і навучальнай установай.

У другой частцы ўрачыстасці работнікі ўстаноў культуры і самадзейныя артысты аграгарадка Іёды прадставілі гледачам канцэртную праграму. Гучала мноства добра знаёмых, папулярных песень. Удзельнікі тэатральнага гуртка прадэманстравалі некалькі гумарыстычных пастановак з жыцця вяскоўцаў, якія асабліва прыйшліся даспадобы прысутнай аўдыторыі.

Сяргей РАЙЧОНАК

img_2352 img_2364 img_2367 img_2381 img_2382 img_2386 img_2387 img_2390 img_2404 img_2406 img_2408 img_2416 img_2420 img_2426 img_2429 img_2431 img_2433 img_2434 img_2437 img_2440 img_2442 img_2446 img_2447 img_2455 img_2456 img_2457 img_2459 img_2463 img_2467



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *